У Берасці распачалі збор подпісаў за будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ

У Міжнародны дзень абароны дзяцей брэсцкія сацыял-дэмакраты і грамадскія актывісты ў межах кампаніі «За наш горад» пачалі збор подпісаў за будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ у Брэсце.

5d0931cd_3cfd_4d83_80f1_1a8e478df93e.jpg


Акцыя стартавала на вул. Савецкай, дзе партыйныя і грамадскія актывісты размаўлялі з жыхарамі горада, збіралі подпісы і распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя праблеме недахопу ўстаноў адукацыі ў абласным цэнтры.
Актывісты нагадалі жыхарам горада, што толькі ў Маскоўскім раёне г. Брэста на атрыманне дашкольнай адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе прэтэндуюць 3652 дзіця, народжаных у перыяд з 1 верасня 2013 г. па 31 жніўня 2014 г., а ўстановы дашкольнай адукацыі могуць прыняць толькі 600 дзяцей дадзенага ўзросту.
«Дадзеная сітуацыя спараджае карупцыю і (або) недавер да сістэмы размеркавання месцаў у дзіцячых садках. Пры вывучэнні інфармацыі, размешчанай у сацыяльных сетках, форумах, сайтах можна знайсці дзясяткі выказванняў аб «кошце» месца пры прыёме ў дзіцячы сад і ў цэлым аб несправядлівым размеркаванні. Ускосным пацвярджэннем цяжкай сітуацыі ў гэтай сферы з'яўляецца стварэнне камісіі з прадстаўнікоў пракуратуры, дзяржкантролю, аховы здароўя, адукацыі і адміністрацыі Маскоўскага раёна для прыёму дзяцей у адкрыты ў гэтым годзе ДУА "Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-пачатковая школа № 10"» — каментуе сітуацыю старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Па словах палітыка і грамадскага актывіста дзеянні мясцовых органаў улады па вырашэнню праблемы даступнасці адукацыі па месцы жыхарства вельмі малаэфектыўныя. Сучасныя тэмпы будаўніцтва дзіцячых садкоў і дашкольных устаноў не дазволяць вырашыць праблему і праз 10 гадоў.
«Для вырашэння праблем на падставе Бюджэтнага кодэкса і ў адпаведнасці з прынцыпам адраснасці і мэтавага прызначэння бюджэтных сродкаў, мы просім Міністэрства адукацыі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў унесці (ініцыяваць) прапановы ў рэспубліканскі бюджэт. Па-першае, вылучаць штогод мэтавыя сродкі ў распараджэнне Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта на фінансаванне будаўніцтва ўстаноў адукацыі. Па-другое, запланаваць неабходны аб'ём сродкаў на будаўніцтва устаноў тыпу «пачатковая школа-сад» з разліку 1-2 шт. у год», — агучвае патрабаванні грамадскасці Ігар Маслоўскі.
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза