У Бучы пройдзе выстава з партрэтамі беларускіх палітвязняў
Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» адкрыецца заўтра ў Публічнай бібліятэцы Бучы. Гэта пашыраная версія аналагічнай выставы пра беларускі пратэст, якая прайшла нядаўна ў Львове.
Заўтра, 13 верасня, жыхары ўкраінскай Бучы змогуць пабачыць выставу, прасвечаную беларускім палітзняволеным. Адмыслова дзеля гэтага туды былі дададзеныя фотаздымкі людзей, якія загінулі за Украіну, пачынаючы ад 2014 года, паведамляе reform.by.
Арганізатаркі выставы ў Бучы — праваабаронца Анісія Казлюк і актывістка Настасся Долюшка. Суарганізатарка львоўскай версіі «Колераў беларускай рэвалюцыі» Аліна Рудзіна адзначае, што Буча — «сакральнае месца», і для іх гонар там выставіцца.
«Мы хочам паказаць, што адбываецца ў Беларусі — як цяжка сёння выказаць меркаванне, што не супадае з афіцыйнай версіяй, — гаворыць Рудзіна. — Распачынаўся гэты праект, нагадаю, з партрэтаў зняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларусаў падчас падзей 2020 года».
Выстава будзе адкрытая ў Бучы да 20 верасня, а потым плануюцца таксама Кіеў і Чарнігаў.
Нагадаем, у жніўні беларускай праваабаронцы Анісіі Казлюк украінскія ўлады не хацелі працягваць від на жыхарства. У выніку гучнага скандалу і пасля ўмяшальніцтва Офіса Святланы Ціханоўскай міграцыйная служба ўсё-ткі прыняла дакументы дзяўчыны і працягнула ёй тэрмін знаходжання ва Украіне да 29 снежня.
Беларуска Настасся Долюшка жыла ў Бучы да расійскага ўварвання і нядаўна вярнулася туды зноў.