Анісія Казлюк дамаглася! Яна можа застацца ва Украіне яшчэ паўгода

Беларуская праваабаронца Анісія Казлюк, якая была валанцёркай ва Украіне, можа застацца там яшчэ да Новага года.

299533775_2279383705557863_4452199641689894136_n.jpg

Анісія Казлюк паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ёй працягнулі тэрмін знаходжання ва Украіне. Яна можа застацца ў краіне да 29 снежня гэтага года. Пасля гэтага Анісіі давядзецца або выязджаць з краіны (і спадзявацца, што яе на мяжы прапусцяць назад), або спрабаваць зноў падаваць дакументы ва ўкраінскую міграцыйную службу.

За гэты дазвол дзяўчына змагалася два месяцы. Нагадаем, як пісаў НЧ, 24 чэрвеня Анісію затрымалі, бо законныя падставы для знаходжання ва Украіне скончыліся.


Апошнім часам беларусы ва Украіне пачалі масава атрымліваюць адмовы ў прадаўжэнні відаў на жыхарства. Прычым часта ім даюць штрафы і зусім невялікія тэрміны на тое, каб пакінуць Украіну. НЧ пісаў, чаму ва Украіне адбываецца такая дыскрымінацыя беларусаў, што з гэтым рабіць і чаму падтрымка беларусаў выгадная Украіне.


Праваабарончай дзейнасцю Анісія займалася з 15 гадоў. Яшчэ ў 2012 годзе яна прыйшла дапамагаць праваабаронцам. У 2018 годзе Анісія Казлюк трапіла ў еўрапейскі спіс «30 да 30» па версіі Forbes, які складаецца з найбольш таленавітай моладзі Старога Свету. У гэты незвычайны спіс уваходзяць тыя, хто, на думку журы, у будучыні павінны істотна ўплываць на грамадства. Да Анісіі з беларусаў туды ў 2017 годзе трапляў Андрэй Максімаў, які займаецца распрацоўкай гульняў у ЗША.

Пасля выбараў 2020 года і разгрому праваахоўнага руху ў Беларусі дзяўчына перабралася ў Кіеў. Падчас вайны Расіі з Украінай Анісія была валанцёркай і дапамагала ўкраінцам.