У Будслаўскім касцёле накрылі 45% даху

Нягледзячы на непагадзь, якая назіраецца ў Беларусі апошнімі днямі, у Будславе працягваюцца работы для аднаўлення мясцовага касцёла ад наступстваў пажару, які адбыўся 11 траўня сёлета.

photo_2021_09_20_17_37_42.jpg


На 20 верасня ў касцёле накрылі 45% даху. Мантаж металаканструкцый і работы для падстрахоўкі купала скончылі яшчэ ў пачатку верасня, піша Радыё Свабода.

Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, а вада з пажарных брандспойтаў пашкодзіла сцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамент і іншую каштоўную маёмасць паспелі вынесці. Кіраўніцтва касцёла неадкладна звярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За прамінулы час валанцёры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбранне і арганы, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысцілі дах ад смецця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сістэму адводу дажджавой вады.

На аднаўленне каталіцкай святыні неабыякавыя людзі і арганізацыі ўжо ахвяравалі звыш мільёна рублёў. Аднак каб закончыць кансервацыю перад наступным этапам рэстаўрацыі, бракуе яшчэ каля 400 тысяч рублёў.

Касцёл — помнік позняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх святынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.