На аднаўленне даху Будслаўскага касцёла не хапае яшчэ 300 тысяч рублёў
Ужо накрылі амаль 60 працэнтаў даху Будслаўскага касцёла. Работы працягнуцца, пакуль будзе дазваляць надвор’е.

Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў «Народнай Волі» пра тое, як ідзе аднаўленне касцёла.
Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі — абраз Маці Божай Будслаўскай. Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства — выгараў і абваліўся дах.
Ужо ў дзень пажару распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёла, і ахвяраванні працягваюць паступаць да гэтага часу.
— На сёння (23 верасня) ужо накрылі амаль 60 працэнтаў даху, — кажа ксёндз Дзмітрый Дубовік. — Працы вядуцца не толькі наверсе, але і ўнутры касцёла. Работы працягнуцца, пакуль будзе дазваляць надвор’е. Але дах рабочыя дакладна накрыюць да наступлення халадоў.
На гэты момант грамадскасць назбірала на аднаўленне даху прыкладна 1.045.000 рублёў.
— Гэтага недастаткова, — адзначае Дзмітрый Дубовік. — Не хапае яшчэ прыкладна 300 тысяч рублёў.
Прычыны пажару пакуль названы не былі. Паводле слоў святара, адпаведныя органы, якія займаюцца расследаваннем, ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не давалі.