У Магілёве за наёмніцтва асуджаны беларус, які служыў у фармаваннях «ЛНР»

Чарговы беларус асуджаны за наёмніцтва ў складзе фармаванняў самаабвешчанай рэспублікі "ЛНР" на Данбасе.

Здымак з архіву. Фота: ria.ru

Здымак з архіву. Фота: ria.ru

Як інфармуе прэс-служба Магілёўскага абласнога суда, прысуд быў вынесены 4 траўня. Жыхар горада Круглае неаднаразова ездзіў на тэрыторыю "ЛНР" праз Расію, што было зафіксавана. Там ён быў залічаны ў адно з падраздзяленняў, атрымаў зброю, абмундзіраванне, пасведчанне. Беларус удзельнічаў у абстрэлах пазіцый Узброеных Сіл Украіны.

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле "на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні... ўдзеле ва ўзброеным канфлікце без упаўнаважання дзяржавы". Паводле прысуду, мужчына правядзе 2 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Гэты не першы выпадак у Беларусі, калі пад суд трапляюць былыя ўдзельнікі ўзброенага канфлікту на Данбасе. У снежні мінулага года Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым у наёмніцтве і службе ў складзе ўзброеных фармаваннях "ЛНР" 29-гадовага мужчыну. Ён таксама атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

euroradio.fm