У Мінску затрымалі мастачку і аўтарку перформансаў Надзею Саяпіну
7 верасня ў Мінску затрымалі мастачку Надзею Саяпіну, якая арганізоўвала перформанс "Здабытак" у галерэі "Арт-Беларусь" пасля адбіранняў карцін Белгазпрамбанка, паведамляе Еўрарадыё.

Надзея Саяпіна / facebook.com
Яўген, малады чалавек мастачкі, расказвае Еўрарадыё, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі да Надзеі дадому а 8-й раніцы:
— Яны сказалі, што затрымліваюць, прапанавалі азнаёміцца з матэрыяламі справы датычна ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах. Надзею адвезлі ў Савецкае РУУС. Цяпер туды заехаў аўтазак, і мне сказалі, што яе перавозяць на Акрэсціна.
Затрымалі яе з прычыны таго, што яна мастак-акцыяніст і мае свой пункт гледжання на тое, што адбываецца ў краіне.
Нагадаем, 13 чэрвеня 2020 года мастацкая калекцыя Белгазпрамбанка была далучаная да крымінальнай справы і апячатаная. Надзея Саяпіна адгукнулася на гэтыя падзеі і прыдумала перформанс "Здабытак". Дзеячы культуры і мастацтва прымацавалі да сваіх спінаў рэпрадукцыі работ і на працягу некалькіх гадзін стаялі насупраць QR-кодаў на сценах.
Таксама Надзея публікавала на сваіх старонках у сацыяльных сетках арт-работы ў падтрымку мірных пратэстоўцаў у Беларусі.
Еўрарадыё