Фаіне парвалі бялізну, палохалі згвалтаваннем, а следчы пытаў пра выбары
Belsat.eu працягвае публікаваць аповеды тых, хто сутыкнуўся з міліцэйскім бязмежжам за апошні месяц. Суразмоўца кажа, што не была ні на мітынгах, ні на акцыях да прэзідэнцкіх выбараў. Не зважаючы на гэта, цягам апошняга месяца Фаіна С. трапіла на Акрэсціна, у больніцу і была выкліканая ў Следчы камітэт.
Фаіне 23 гады, да 6 жніўня яна працавала маркетолагам у IT-кампаніі. Дзяўчыну затрымалі 11 жніўня, цяпер яна вымушаная прымаць лекі: паводле медыкаў, месяц–два яе будзе нудзіць. Апроч таго, у Фаіны сапсаваўся зрок, але дактары абяцаюць, што ён адновіцца.
Затрыманне і паездка ў звычайны жоўтым аўтобусе
«11 жніўня разам з сяброўкаю мы паехалі на Пушкінскую, купілі кветкі, каб пакласці на знак памяці аб загінулым Аляксандры Тарайкоўскім. Былі там каля 14:00, крыху пастаялі, пасля выпілі кавы і вырашылі пайсці пешкі да Купалаўскай. Каля 17:00 мы былі ў цэнтры, там ужо было ачапленне, падысці да Палацу рэспублікі ці Палацу прафсаюзаў ужо было немагчыма. Мы пастанавілі паспрабаваць пайсці да метро ў бок Нямігі. Пры гэтым, канечне, мы паказвалі сваю салідарнасць з людзьмі, віталі машыны, якія сігналілі ў цэнтры. Па дарозе мы зайшлі ў «Суседзі» на вуліцы Янкі Купалы. І ўжо ў той час, калі мы былі ў краме, натоўп з пяці–шасці амапаўцаў заляцеў у краму, схапілі нас за рукі і вывелі.
Адразу ў нас праверылі тэлефоны, у мяне паглядзелі фотаздымкі, каналы і перапіску ў «Тэлеграме», убачылі, што я падпісаная на Nexta, і кажуць: «Нашая, бярэм».
Пасля нас завялі ў звычайны жоўты гарадскі аўтобус, які стаяў за шэрагам АМАПу. Вокны ў аўтобусе былі застаўленыя шчытамі, і людзі з вуліцы не маглі бачыць, што адбываецца ўнутры.
Сяброўцы дазволілі сесці, мне – не. Страху не было, я ўжо здагадвалася, што нас чакае. У аўтобусе міліцыянты спрабавалі пачаць размову са мною. Фізічнай сілы тады яны не ўжывалі, толькі калі выводзілі з крамы, у мяне засталіся сінякі, тры адбіткі на руцэ. Працаўнікі ў сваю чагу сказалі, што гэта проста загар.
У аўтобусе мы былі некалькі гадзінаў, туды ўвесь час прыводзілі новых затрыманых, нават узялі мужчыну, які проста падышоў запытаць, як трапіць дамоў, якое метро працуе. Калі затрымлівалі хлопцаў, то іх білі па нагах, калі рабілі дагляд, а пасля праводзілі ў аўтобус, і яны сядзелі на кукішках з заведзенымі назад рукамі, рукі былі счэпленыя будаўнічымі сця́жкамі.
Аднаго з затрыманых паклалі наўпрост тварам на падлогу аўтобуса, пасля зайшлі ўнутраныя войскі, у светла-зялёнай форме, і проста пачалі хадзіць па ім: наступаць на плечы, на шыю, хадзілі па чалавеку, як па дыване. Пасля ўсіх, у тым ліку і мяне, паставілі на калені, тварам у падлогу, каб мы не бачылі, куды нас вязуць. Калі выходзілі з аўтобуса, нас трымалі за руку і за шыю, каб галава была ўніз.
Акрэсціна
Нас паставілі каля сцяны, рукі ўгару вывернутымі далонямі, ногі на шырыні плячэй. Тое, што зневажалі і абзывалі матам, і так зразумела, нават казаць пра гэта не буду. Мы стаялі вельмі доўга, да глыбокага вечара, пакуль не стала цёмна.
Асабісты дагляд праводзілі на вуліцы, пры ўсіх. Амапавец надзеў звычайныя пальчаткі і добра прайшоўся па мне. Магчыма, ён выпадкова гэта зрабіў, чымсьці зачапіўся, але парваў мне бялізну.
Усярэдзіне пляцоўкі, куды нас прывялі, стаяла крэсла, нейкі мужчына сядзеў, закінуўшы нага за нагу. Было такое адчуванне, што ён проста атрымліваў задавальненне. Калі ён казаў, што не бачыць напружання ў нашых целах, то ўсіх пачыналі збіваць. Хлопцам загадвалі зняць абутак і пад крыкі «А зараз бяжым да мамкі Ціханоўскай!» прымушалі бегчы на месцы.
Увесь час падыходзілі, нешта запытвалі, як завуць, дзе вучышся, за што забралі ды іншае.
Чарговы раз да мяне падышоў амапавец і сказаў: «Прасі прабачэння, стоячы на каленях». Я адказала, што не буду, і ў той момант мяне ўдарылі дубінкай па галаве. Недзе праз 5 хвілінаў мне стала кепска, я кажу: «Зараз страчу прытомнасць». На што ў адказ: «Куды ты страціш прытомнасць, нам такую прыгажуню яшчэ па крузе трэба будзе пусціць». І тут мой арганізм своечасова адключыўся, я адчула, што плыву па сцяне, і ўжо пачала чуць галасы неразборліва.
Калі я ачуняла, то была ў вельмі дзіўнай позе на асфальце, убачыла перад сабою дзвюх жанчын, якія не вельмі ласкава абыходзіліся. Яны былі ў цывільным, я так зразумела, што гэта былі доктаркі ўнутранай медсанчасці. Адна з іх наматала мае валасы на руку, прыцягнула, каб я села да сцяны, як для яе зручней. Другая мне засунула вату з аміякам у нос, мне пасля гэтага было балюча дыхаць. У мяне пачаліся сударгі рук, і гэта адзінае, што іх, напэўна, спужала, бо так яны казалі, што я прыкідваюся. І пасля яны мне далі нейкую пігулку.
Ніякай дапамогі ад хуткай
З гэтаю пігулкай увогуле цікавая гісторыя, бо яна пачала дзеяць не адразу, я яе трымала недзе 30 хвілінаў пад языком. За гэты час з’явілася хуткая, зрабілі кардыяграму, у мяне быў пульс 155, тахікардыя. І ў гэты момант пачала дзеяць пігулка. У мяне ад яе перасталі рухацца рукі і ногі, я нават рот не магла закрыць. Выбачайце за падрабязнасці, але нават сліна капала на спадніцу, бо я не магла закрыць рот. І вось у такім стане я сядзела прыблізна гадзіну.
Затым мяне вывелі зноўку ў двор на вопіс рэчаў і складанне пратаколу. А ў мяне ногі не ішлі, можна было толькі цягнуць, цела выключылася. У гэты момант нехта з прысутных начальнікаў сталага веку кажа: «Што вы яшчэ дапамагаеце гэтай наркаманцы! Бачна, што яна пад кайфам, выкіньце яе пад плот, нехта яе там знойдзе».
Хуткую я чакала вельмі доўга. Я так зразумела, што забіралі тых, у каго ўжо былі адкрытыя траўмы ды іншае. Пасля мне прынеслі падпісваць пратакол, а пры ўсім жаданні я не магла нават у кулак сціснуць руку, я паказваю галавою, што не магу. У выніку мне напісалі, што пры сведках адмовілася падпісваць пратакол. Ніякага суда ў справе гэтага пратаколу так і не было.
Больніца хуткай медычнай дапамогі
У траўматалогію БХМД я трапіла апоўначы. Што яшчэ важна, да машыны хуткай мы выходзілі праз нейкі іншы двор, не праз той, дзе рабілі вопіс. Там быў такі вельмі моцны ліхтар, і на зямлі шмат крыві. Я яшчэ басаножкі буду аддаваць на экспертызу, бо кроў засталася на абутку.
Цікава, што хуткая не зафіксавала, адкуль мяне завезлі ў шпіталь, ніякай сутнаснай дапамогі дактары мне не надалі, нават ніхто толкам не агледзеў. Ужо лекар, які мяне лячыў, патлумачыў, што, хутчэй за ўсё, на Акрэсціна мне далі трамадол.
З тыдзень я правяла ў больніцы. Мне паставілі дыягназ: закрытая ЧМТ, страсенне мазгоў, траўмы на нагах. Да гэтага часу ў мяне кровападцёкі, удар грудной клеткі ды іншыя траўмы, наколькі я зразумела, гэта проста сінякі па ўсім целе.
Калі я ляжала ў больніцы, я шукала сябе ўва ўсіх спісах, я ж ведаю, што пратакол быў складзены, але ў спісах затрыманых мяне не было.
«Збілі нявысветленыя асобы»
Праз тыдзень мне прыйшла позва ў Следчы камітэт Савецкага раёна Мінска. Ужо ў часе размовы са следчым мне пачалі задаваць пытанні пра выбары, а не па факце майго збіцця. Мяне запытвалі, адкуль я ведаю пра кандыдатаў на прэзідэнцтва, якія інфармацыйныя крыніцы я чытаю, з якіх прыладаў я ўваходжу ў інтэрнэт. Пыталі, ці хадзіла я на выбары. Як патлумачыў следчы, усе, хто праходзяць па фактах збіцця, ускосна робяцца фігурантамі крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых закалотах.
І толькі з пятай спробы мы вярнуліся да майго збіцця. Я пад запіс распавяла, што са мною адбылося. Мне выдалі пастанову на судова-медычную экспертызу, якую я прайшла. Пры гэтым у пастанове на экспертызу напісана, што мяне збілі нявысветленыя асобы на тэрыторыі горада Мінска. Бо не было зафіксавана, адкуль мяне забрала хуткая.
На падставе экспертызы і маіх тлумачэнняў павінна быць распачатая крымінальная справа… Але я тэлефанавала следчаму ўчора, сёння – ніхто слухаўку не падымае.
Каментар адвакаткі Фаіны С. – Алены Шынкарэвіч
Звесткі пра траўмы, атрыманыя Фаінай С. у выніку супрацьпраўных дзеянняў трэціх асобаў, былі перададзеныя ў Следчы камітэт Савецкага раёна Мінска. Следчы правёў апытанне пацярпелай і ейнай сяброўкі, якая была відавочцам таго, што здарылася. Падчас апытання пацярпелай следчага больш цікавілі ейныя палітычныя погляды, змест тэлефона і мэсэнджараў. Ніводнага пытання пра асобаў, якія збілі маю кліентку, зададзена не было. Для мяне было відавочна, што дзейнасць следчага была скіраваная на расследаванне справы аб масавых закалотах (пра што згадаў сам следчы), а не высвятленне абставінаў збіцця маёй кліенткі.
Крымінальная справа не распачатая да гэтага часу. Следчы ўжо некалькі дзён на тэлефонныя званкі не адказвае. Ці нармальная гэтая сітуацыя? Не. Мы бачым, як распачынаюцца і разглядаюцца крымінальныя справы адносна грамадзянаў, якія кажуць, што іх падманулі на выбарах. Але злачынствы, якія былі здзейсненыя адносна гэтых грамадзянаў, ніхто не спяшаецца расследаваць.
Нагадаю, што, паводле другога артыкулу Канстытуцыі Беларусі, чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі ёсць найвышэйшаю каштоўнасцю ды мэтаю грамадства і дзяржавы. Цяжка ўявіць, куды прыйдзе дзяржава, якая такім чынам абыходзіцца са сваёй найвышэйшаю каштоўнасцю.
За час пратэстаў, якія трываюць у Беларусі з 9 жніўня, былі затрыманыя больш за 7000 асобаў.
Па фактах збіцця і катаванняў у Следчы камітэт паступілі каля 1000 заяваў ад грамадзянаў Беларусі. На момант публікацыі не распачалі ніводнай справы па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў з боку працаўнікоў МУС.
НА belsat.eu