Падчас маршу за малюнак на асфальце затрымалі 12-гадовае дзіця

12-гадовы Яраслаў у нядзелю апынуўся ў Цэнтральным РУУС разам з іншымі ўдзельнікамі маршу прыхільнікаў пераменаў. Затрымалі Яраслава пасля таго, як ён пакінуў надпіс «3%» на асфальце на праспекце Пераможцаў.

Фота: Onliner.by

Фота: Onliner.by

Юлія, яго мама, распавядае, што Яраслаў не першы раз назірае за акцыямі пратэсту. Але аднаму хадзіць на мітынгі яму не дазваляюць. У гэты раз мама ведала, што ён будзе з бацькам, але не ўхваляла яго нядзельны шпацыр. Яны з сынам нават паспрачаліся з-за таго, што ён збіраўся сысці, не выканаўшы хатнія абавязкі.
План на нядзелю ў Яраслава быў такі: сустрэцца з бацькам у ГЗЦ Galleria Minsk, прайсціся па крамах, а потым, магчыма, папрысутнічаць на мітынгу.
Хлопец чакаў паўтары гадзіны, але тата на месца сустрэчы не прыйшоў. Тады падлетак сышоў з гандлёвага цэнтра і далучыўся да маршу, які ў гэты час праходзіў на праспекце Пераможцаў. Разам з іншымі ўдзельнікамі Яраслаў дайшоў да месца, дзе стаяла спецтэхніка і дзяжурылі супрацоўнікі сілавых ведамстваў.
— Ён убачыў балончык з фарбай (там усе малявалі) і намаляваў таксама «3%» на асфальце. Нічога такога — лічба і два нулікі. Ён ніякіх ганебных воклічаў і карыкатур не маляваў, — кажа Юлія.
Неўзабаве пасля таго, як хлопец пакінуў на асфальце надпіс, яго затрымалі. Адна з жанчын, якія стаялі побач, убачыўшы, што сілавікі адводзяць дзіця, спрабавала яго абараніць.
— Ён сказаў, што нейкая жанчына крычала «Гэта мой сын», і яе таксама забралі. Я не ведаю, як яе завуць, але вельмі хвалююся за яе.
Сам Яраслаў не ўпэўнены, пасадзілі яго спачатку ў аўтазак або ў мікрааўтобус, але амаль адразу адтуль перасадзілі ў іншы бус і павезлі ў аддзяленне міліцыі. Ён кажа, што спалохаўся ў той момант, калі яго затрымалі. Але потым не баяўся.
Пра тое, што сын знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС, Юлія даведалася ад супрацоўніка міліцыі.
Яраслаў распавёў супрацоўнікам праваахоўных органаў, як апынуўся ў ліку ўдзельнікаў маршу і што маляваў на асфальце. Па словах яго мамы, на яго склалі пратакол.
 У ім адлюстраваны толькі дзеянні: выехаў з дому, як дабраўся, як апынуўся на гэтым месцы. Далейшыя дзеянні — балонам з фарбай напісаў на дарозе. Як я разумею, гэта ў іх ужо лічыцца правапарушэннем, то-бок хуліганствам, — успамінае мама падлетка. Таксама ў РУУС прагледзелі фота і відэа на тэлефоне Яраслава і канфіскавалі яго «на экспертызу», якая будзе праходзіць да 10 дзён. У смартфоне былі відэа з іншых акцый, дзе пабываў падлетак.
З РУУС яго адпусцілі дадому ў той жа вечар. Юлію папярэдзілі, што, хутчэй за ўсё, аб тым, што здарылася, паведамяць у школу Яраслава, а потым будзе прымацца рашэнне аб пастаноўцы яго на ўлік па справах непаўналетніх.
— Я перажываю з-за таго, што ён мяне не паслухаў, што быў адзін, — прызнаецца Юлія. — Ён вінаваты перада мной перш за ўсё.
tut.by