У Оршы не пускаюць беларускую мову ў транспарт: «Будзем аб’ядноўвацца з Расіяй»

Жыхары Оршы патрабуюць вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт. За тое, каб у аўтобусах абвяшчэнне прыпынкаў гучала на роднай мове, ужо падпісаліся больш за 300 жыхароў. Пра гэта піша Еўрарадыё

orshanka.by

orshanka.by

Беларускую мову прыбралі з транспарту сем гадоў таму. З таго часу чыноўнікі адфутбольваюць усе звароты за яе вяртанне. Што ж замінае аб’яўляць прыпынкі і пісаць расклад руху транспарту па-беларуску і якім бокам да аршанскіх аўтобусаў Саюзная дзяржава з Расіяй?

“Беларуская мова выціснутая з усіх сфер жыцця”

У петыцыі аршанцаў гаворыцца, што сустрэчы з чыноўнікамі наконт беларускай мовы выніку не даюць.
Грамадскі транспарт Оршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае рускую мову ў сваёй рабоце, — гаворыцца ў петыцыі. — Калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі абвяшчаюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Оршы гэтага няма. Сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарка і звароты туды не далі плёну […] Родная беларуская мова выціснутая з усіх сфер жыцця Оршы і Аршанскага раёна”.
Мясцовыя і абласныя чыноўнікі на ўсё звароты вярнуць беларускую мову ў транспарт спасылаліся на дзве дзяржаўныя мовы. І закрывалі пытанне.
Апошнія гады ў Оршы вельмі часта былі старшыні райвыканкамаў не з мясцовых, — гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы ў Оршы Юрый Нагорны. — Звароты да чыноўнікаў, да кіраўніцтва аўтапарка былі пастаянныя. Спачатку райвыканкам, потым аўтапарк. І так па крузе. Адказвалі, маўляў, дзве дзяржаўныя мовы, блізка Расія...
Каб не перакладаць рускамоўныя абвяшчэнні, мясцовыя і абласныя чыноўнікі спачатку спасылаліся на тое, што… няма спецыяліста, які зробіць гэтую працу. Потым знайшлася новая прычына — звароты мясцовых жыхароў, якія нібыта выступілі супраць роднай мовы ў аўтобусах.
Мы казалі чыноўнікам, што перакладзём самі і знойдзем настаўнікаў з добрай дыкцыяй, — распавядае кіраўнік аршанскага ТБМ. — Але потым нібыта нехта лісты пісаў за захаванне рускай мовы. Ведаеце, як гэта робіцца? Ідэалагічнаму аддзелу даецца заданне: знайсці пяць, дзесяць чалавек з Савета ветэранаў ці іншай прыўладнай партыі, якія падпішуць. І гатова”.


“На беларускую мову было шмат скаргаў”

У Аршанскім райвыканкаме Еўрарадыё расказалі, што ведаюць пра петыцыю і разгледзяць яе, калі яна прыйдзе. Але чаму беларускую мову замянілі на рускую?
Былі скаргі жыхароў. Усё трэба вырашаць на месцы. Па тэлефоне я нічога каментаваць не буду”, — адказала галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Таццяна Петрашкевіч.
Пра скаргі на беларускую мову ў грамадскім транспарце нам расказаў і намеснік дырэктара па перавозках аршанскага аўтобуснага парка № 3 ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Віталь Цярэшчанка. А яшчэ ён кажа, што ў перакладзе няма сэнсу: бо беларусам трэба ў хуткім часе рыхтавацца да аб’яднання з Расіяй.
У нас яны [абвяшчэнні і расклад руху на беларускай мове. — Еўрарадыё] былі ў свой час, і шмат праз іх скаргаў, — распавёў Еўрарадыё Віталь Цярэшчанка. — Там няправільна напісалі, там не так вымаўлялі, таму мы перайшлі на рускую мову. У нас дзве дзяржаўныя мовы ў краіне. І ўвогуле ў нас садружнасць з Расіяй. Хутка аб’ядноўвацца будзем”.
Калі менавіта Беларусь аб’яднаецца з Расіяй, Віталь Цярэшчанка не ўдакладніў.
Орша не першы горад у Беларусі, дзе мясцовыя ўлады адмаўляюць прыхільнікам беларушчыны. Нядаўна ў Слоніме да Дня беларускага пісьменства намалявалі графіці з рускамоўным надпісам. Там таксама былі скаргі ад прыхільнікаў рускай мовы, якія аказаліся актывістамі “рускага міру”.