У Расіі арыштавалі беларускага псіхолага, яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі
У Санкт-Пецярбургу арыштавалі псіхолага з Беларусі Андрэя Рускіх, яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі
Пра гэта паведаміла РБК адвакат Андрэя Рускіх Марыя Бяляева.
"Там два артыкулы: абраза прэзідэнта і артыкул 130 па распальванні сацыяльнай і іншых відаў варожасці. Звязана з каментарамі ў сацсетках. Будзем абавязкова абскарджваць. Ён будзе ў СІЗА — 1 у "Крыжах" у Колпіне да 6 ліпеня, але потым у яго будзе, хутчэй за ўсё, падаўжэнне меры стрымання", — распавяла Бяляева.
Паводле яе слоў, Рускіх затрымалі на вакзале ў Санкт-Пецярбургу 28 траўня, да гэтага моманту ён не ведаў, што знаходзіцца ў вышуку.
У аб'яднанай прэс-службе судоў Санкт-Пецярбурга журналістам заявілі, што Рускіх будзе знаходзіцца пад арыштам да 6 ліпеня — да экстрадыцыі.
Псіхолага абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 368 КК Беларусі ("Публічная абраза прэзідэнта Беларусі") і часткі 1 артыкула 130 КК Беларусі ("Распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай варожасці"). Першая прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў, другая — на тэрмін да пяці гадоў.
Паводле www.rbc.ru