У Расіі пачалі казаць аб масавых пахаваннях у Данбасе

У Расіі днямі ўпершыню афіцыйна загаварылі аб масавых пахаваннях у Данбасе, зрэшты, паведамленні гэтыя не новыя і супярэчлівыя.

lugansk_donetsk.jpg

Літаральна на наступны дзень пасля заявы Уладзіміра Пуціна аб тым, што «тое, што адбываецца ў Данбасе» — гэта «генацыд», Следчы камітэт (СК) Расіі апублікаваў паведамленне аб крымінальнай справе ў сувязі з нібыта знойдзенымі на падкантрольнай баевікам тэрыторыі Данбаса «масавымі пахаваннямі грамадзянскіх асоб», павкедамляе www.dw.com.

У паведамленні — прамыя абвінавачванні ў адрас украінскіх вайскоўцаў. Гаворка там і пра «гібель і раненні тысяч мірных жыхароў, рускамоўных груп», і пра «намеры на знішчэнне жыхароў Данбаса», і падкрэсленая інфармацыя аб «целах жанчын рознага ўзросту»… Сярод нібыта знойдзеных і эксгумаваных парэштак «не менш за 295 грамадзянскіх асоб, якія загінулі ў выніку невыбіральных абстрэлаў з боку ўкраінскіх узброеных фарміраванняў у 2014 годзе».

Супярэчлівыя даныя СК РФ

Зрэшты, чаму магілы былі знойдзеныя на тэрыторыі, не падкантрольнай Украіне, і як СК прыйшоў да высновы, што ўсе памерлыя былі мірнымі жыхарамі і ахвярамі абстрэлаў менавіта з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, з паведамлення не зразумела.

Ігнаруецца ў ім і той факт, што на працягу ўсяго канфлікту ў Данбасе абстрэлы і парушэнні перамір'я назіраюцца з боку баевікоў, што выразна фіксуюць у сваіх штодзённых справаздачах назіральнікі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Большасць згаданых у паведамленні СК населеных пунктаў, дзе нібыта былі знойдзеныя пахаванні, знаходзяцца на тэрыторыі, падкантрольнай самаабвешчанай «Луганскай Народнай Рэспубліцы» («ЛНР»), адзін — «Данецкай Народнай Рэспубліцы» («ДНР»).

Гэта першае згадванне аб знойдзеных у Данбасе масавых пахаваннях з боку афіцыйных расійскіх органаў. Раней СК ужо адкрываў крымінальную справа ў сувязі з гібеллю ў выніку абстрэлу (нібыта з боку ўкраінскіх вайскоўцаў) дзіцяці і яго бабулі ў 2021 годзе. А ў 2015 годзе СК заводзіў справы ў дачыненні да тагачаснага міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава і шэрагу іншых службовых асоб у сувязі з «абстрэламі жылых раёнаў Данбаса, у выніку якіх рэгулярна гінуць мясцовыя жыхары». Але менавіта аб масавых пахаваннях у Данбасе ў Маскве афіцыйна заяўляюць упершыню.

Адметна, што СК Расіі загаварыў аб пахаваннях праз месяцы пасля «знаходкі». Зрэшты, сама інфармацыя аб пахаваннях не новая. Прарасейскія сепаратысты Данбаса яшчэ ўвосень 2021 года загаварылі аб пахаваннях, відавочна, тых жа, пра якія цяпер паведаміў СК РФ. Прынамсі, гаворка ішла аб тых жа населеных пунктах. Акрамя таго, у паведамленні СК прама гаворыцца, што «5 стыхійных масавых пахаванняў» былі выяўленыя ў «жніўні-кастрычніку 2021 года».