«У вашым пад'ездзе будзе пахаванне». Блогеру Арцёму Шапараву пагражаюць

Ад Арцёма Шапарава невядомы абаронца чыноўнікаў патрабуе закрыць відэаканал, абяцае скарыстаць сілу супраць блогера ці яго сваякоў.

602_shaporov.jpg

Блогер Арцём Шапараў вядомы ў Гомелі дзякуючы сваім відэа, дзе ён раскрывае не самыя лепшыя ўчынкі ўладаў і асвятляе праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца простым людзям.

Аднак нечаканы заступнік знайшоўся і ў чыноўнікаў, паведамляюць “Сильные новости”. Арцём Шапараў распавёў, што невядомы мужчына некалькі разоў прыходзіў да яго дадому, пакуль ён быў на працы: званіў у дзверы, стукаў у вокны.

Апошнім разам ён прыйшоў у дзень суда (нагадаем, блогер доўга судзіўся з дырэктаркай СШ № 3 Нінай Старажэнка), калі Арцём быў на пасяджэнні. Незнаёмы пазваніў у дзверы і, пасля таго, як пачуў ад 10-гадовай дачкі Шапарава, што таты няма дома, пачаў настойваць, каб тая адкрыла дзверы, — ён, маўляў, пачакае. Дзяўчынка, нягледзячы на ўгаворы, адмовіла, але дала тэлефонны нумар бацькі. Пасля гэтага пачаліся тэлефанаванні.

Чытайце таксама:

У Гомелі сям'ю хочуць паставіць на ўлік за тое, што дзеці даглядаюць за хворым сабакам



612_dog_1_logo_1.jpg


На аўдыёзапісах, якія былі апублікаваныя на відэаканале «Общество Гомель», чуваць, як мужчынскі голас у першым выпадку коратка просіць Арцём «запомніць», што «ў вашым пад'ездзе будзе пахаванне».

Другая размова атрымалася больш змястоўнай. Мужчына папракае блогера за яго інфармацыйную дзейнасць, даказвае, што «не ўсе чыноўнікі дрэнныя, не ўсе такое дзярмо, як ты паказваеш» і заяўляе, што «можна нарвацца» на тых, хто скарыстае сілу «не да цябе, дык да тваіх блізкіх». У гэтай жа размове ён патрабуе, каб блогер закрыў свой відэаканал.

Арцём Шапараў пакуль не звяртаўся ў міліцыю. Блогер растлумачыў «Сильным новостям», што да гэтага часу не звярнуўся да праваахоўнікаў, бо два апошнія дні быў на працы, аднак дачку сваю, на ўсялякі выпадак, адправіў да сваякоў. Па словах блогера, асоба, якая яму тэлефанавала, ужо вядомая. На гэтага мужчыну нібыта ўжо заводзілі крымінальную справу за збіццё сталай жанчыны. І калі пагрозы з боку гэтага мужчыны працягнуцца, Арцём абяцае звярнуцца ў міліцыю.