У цэнтры Гомеля з’явіўся мурал з дваццаццю птушкамі

Інтэрактыўны мурал «Знайдзі 20 птушак!» намалявалі на сцяне гомельскай школы. Так грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» хоча папулярызаваць сярод гараджан бёрдвочынг — назіранне за птушкамі.

mural_homel.jpg

Птушыны мурал месціцца на сцяне сярэдняй школы № 27 на алеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Сюжэт малюнка прымушае спыніцца і знайсці ўсіх птушак: хтосьці ляціць у небе, хтосьці прысеў на галінку, а хтосьці — на руку дзяўчыны-бёрдвочаркі. А яшчэ цікавей шукаць птушак у дзікай прыродзе — нібыта кажа выява.
Бёрдвочынг — карыснае для здароўя хобі. Прагулкі на свежым паветры трэніруюць сэрца і мышцы, пошукі птушак у кронах дрэваў ці ў небе служаць гімнастыкай для зроку, а вызначэнне відаў птушак развівае разумовыя здольнасці.

mural_homel_2.jpg

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: «Гэтым разам птушынае графіці ад АПБ незвычайнае і асаблівае — у інтэрактыўнай форме мы прапануем знайсці 20 відаў птушак, якія лётаюць вакол. А колькі птушак ты сустракаеш штодня па дарозе на працу ці вучобу? З бёрдвочынгам любая прагулка — прыгода і тэст на ўважлівасць, а яшчэ станоўчыя эмоцыі і магчымасць лёгка і без намаганняў весці рухомы лад жыцця. І калі нехта чакае спецыяльнага знака, каб пачаць бёрдвочыць, хай такім будзе наша новае птушынае графіці!»
Эскіз мурала падрыхтаваў мастак Алесь Благій, а намаляваў птушыную кампазіцыю на сцяне школы мастак з Пінска Яўген Сасюра. Вучні школы з цікаўнасцю назіралі за яго працай і спрабавалі вызначыць птушак.АПБ дзякуе адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля і Упраўленню архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама за дапамогу і спрыянне ў рэалізацыі праекта.

mural_homel_3.jpg

Мурал — частка ініцыятывы «Будзь здаровы з птушкамі!», якую АПБ рэалізуе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.