У Мінску можа з'явіцца вуліца Касцюшкі

Пытанне ўключанае ў парадак дня найбліжэйшага пасяджэння камісіі Мінгарвыканкаму па перайменаванні вуліц.



kasciushka.jpg

У Мінгарвыканкаме неўзабаве разгледзяць пытанне аб прысваенні адной з вуліц сталіцы імя Тадэвуша Касцюшкі (1746 — 1817), кіраўніка вызвольнага паўстання 1794 году на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы.
Месяц таму грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» абвясціла пра пачатак грамадскай кампаніі па перайменаванні адной з вуліц Мінска ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Кампанія прымеркаваная да 270-годдзя знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі.
У лісце на адрас сталічных уладаў гаварылася, што вуліцы, якія носяць імя Касцюшкі, ёсць у Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах, у прыватнасці ў Баранавічах, Берасці, Гародні, Нясвіжы, Пінску. У той жа час на мапе Мінска імя знакамітага беларуса да гэтага часу няма.
Міністэрству ж культуры прапанавалі абвясціць конкурс на выраб помнікаў Тадэвушу Касцюшку ў Мінску, Берасці, а таксама на малой радзіме знакамітага беларуса — у Косаве (Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). У звароце адзначалася, што па ўсім свеце Касцюшку пастаўленыя сотні помнікаў, але ніводнага — у Беларусі.
Мінскія ўлады лічаць, што пытанне аб усталяванні ў сталіцы помніка Тадэвушу Касцюшку трэба разглядаць пасля таго, як з'явіцца вуліца яго імя і будуць вызначаныя крыніцы фінансавання праекта.
Паводле "Радыё Свабода"