У Светлагорску затрыманы Вячаслаў Сіўчык і Алесь Макаеў

У Светлагорску 19 лютага каля 23.30 былі затрыманы лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў.



zatrymanni_000.jpg

Як паведаміў «Вясне» грамадскі актывіст са Светлагорску Юрый Ляшэнка, 19 лютага Сіўчык і Макаеў у Светлагорску сустракаліся з мясцовымі прадпрымальнікамі, з якімі абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася пасля прыняцця ўказу №222. Дадзены нарматыўны акт фактычна паралізаваў працу беларускіх ІП, якія гандлююць адзеннем і абуткам.

«Пасля 23.00 мы праводзілі Сіўчыка і Макаева на цягнік «Калінкавічы-Баранавічы», на якім у 23.30 яны павінны былі ехаць у Мінск. Але на чыгуначным вакзале да нас падышлі восем супрацоўнікаў міліцыі, якія без ніякіх тлумачэнняў затрымалі Сіўчыка і Макаева. Зараз іх вязуць у Светлагорскі РАУС, прычым супрацоўнікі міліцыі не прадстаўляюцца і не тлумачаць прычын такога «хапуна», — адзначыў Юрый Ляшэнка.

Алесь Макаеў па тэлефоне паведаміў, што ён зараз у Светлагорскім РАУС, і міліцыя іх абвінавачвае ў дробным хуліганстве. «У нас забіраюць тэлефоны, не магу размаўляць», — дадаў актывіст прадпрымальніцкага руху.


spring96.org