Лідзія Кандрашова: маімі капейкамі бюджэт не паправіш

З 77-гадовай мінчанкі Лідзіі Пятроўны Кандрашовай спагналі штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце восенню 2011 года ў цэнтры сталіцы.



kandrashova_2_logo.jpg

Былая настаўніца малодшых класаў адной з сярэдніх школ Мінска, спадарыня Лідзія распавяла, што 3 кастрычніка 2011 году на Пляцы Волі яна ўдзельнічала ў не дазволеным ўладамі пікетаванні актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры пад лозунгамі “Ашуканцаў народу — да адказнасці!”, “Адміністрацыя прэзідэнта Республікі Беларусь — надзейны абаронца беззаконня ў краіне” і “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі і законаў краіны”. Пад час гэтай акцыі міліцыянты схапілі Лідзію Пятроўну за рукі-ногі і кінулі на падлогу мінівэну, не дачакаўшыся, пакуль жанчына сама дойдзе да аўтамашыны. У Цэнтральным РУУС Лідзіі Кандрашовай стала кепска і ёй выклікалі хуткую медычную дапамогу. Затым цягам месяцу пенсіянерка выходзіла з стрэсу і яго наступстваў ад гэтага затрымання і здзекаў.

Спадарыня Лідзія ўпэўненая, што не за такую краіну Беларусь, дзе пануе гвалт, пад час Другой сусветнай вайны загінуў яе 38-гадовы бацька, беларус Пётр Іванавіч Кухта, ураджэнец вёскі Лучнікі, што на Случчыне ў Мінскай вобласці. Дарэчы, ён, мабілізаваны ў Чырвоную Армію 23 чэрвеня 1941 году, склаў сваю галаву ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

За ўдзел у акцыі судом Цэнтральнага раёну Мінска Лідзія Пятроўна была пакараная адміністрацыйным штрафам у памеры 350 тысяч рублёў. Аднак больш за чатыры гады з пенсіі жанчыны нічога не вылічвалі, а зрабілі гэта толькі днямі. Пра спагнанне штрафу спадарыня Лідзія даведалася, калі атрымала пенсію за люты. “Мабыць вельмі кепскі стан айчыннай эканомікі, калі ўзгадалі пра мой штраф чатырохгадовай даўніны. Аднак гэтымі капейкамі бюджэт не паправіш”, — сказала Лідзія Кандрашова.

Яна нагадала прычыну свайго ўдзелу ў пікеце: на меркаванне жанчыны, суд горада Слуцку і Слуцкага раёну незаконна вырашыў грамадзянскую справу аб спадкаемцах яе бацькоўскага дому, адзіным уласнікам якога прызнаны ўнук адной з родных сясцёр Лідзіі Пятроўны. Аднак на ўсе звароты ў органы суду і пракуратуры замест адказаў на канкрэтныя пытанні па грамадзянскай справе Лідзія Кандрашова атрымлівае толькі адпіскі. На думку спадарыні Лідзіі, саўласнікамі дому павінны быць прызнаныя і яна з сястрой, якія разам з маці ўзводзілі бацькоўскую хату замест спаленай вайной.