У Віцебску забараняюць фатаграфавацца на вуліцы. Тым больш — групамі

Адказ такога зместу атрымаў з адміністрацыі Чыгуначнага раёну праваабаронца Павел Левінаў.



viciebsk_fota_sztraf.jpg

Пасля таго, як некалькі віцебскіх журналістаў і актывістаў былі аштрафаваныя за фотасесію на фоне гарадскога графіці — малюнка, дзе з клетак вырываюцца на волю птушкі, праваабаронца вырашыў спраўдзіць фармулёўкі судовых рашэнняў. Паколькі ўдзельнікаў фотасесіі абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні, Левінаў хацеў паглядзець на рэакцыю мясцовых уладаў, калі звярнуцца да іх па дазвол на фотаздымкі:
«Я паведаміў у раённую адміністрацыю, што хачу сфатаграфавацца з сябрамі. Удакладніў, што „від масавага фатаграфавання — перформанс, форма сучаснага мастацтва, калі творам з'яўляюцца дзеянні групы“, бо ўдзельнікі падчас фотасесіі могуць перамяшчацца, прымаць нейкія позы, мець пры сабе нейкія рэчы... Я меркаваў, што мне адкажуць у адпаведнасці з заканадаўствам аб правядзенні масавых акцыяў. Маўляў, фотасесія — гэта не масавая акцыя. Бо гэта не сход, не шэсьце і не пікет, пра якія гаворыцца ў законе. Аднак, атрымалася наадварот. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Аляксандар Ільмовіч забараніў калектыўнае фатаграфаванне, назваўшы яго „масавым мерапрыемствам“, на падставе адсутнасці ў мяне дамоваў з міліцыяй, медыкамі і дворнікамі!»
Павел Левінаў пісаў у раённую адміністрацыю, што хоча сфатаграфавацца з сябрамі каля таго самага будынка па вуліцы Ільінскага, на якім намалявана графіці з птушкамі і клеткамі. За фотаздымкі ў гэтым месцы былі аштрафаваныя журналісты Алена Сцяпанава, Зміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў і грамадскія актывісткі, прыхільніцы стварэння партыі БХД Таццяна Севярынец і Алена Шабуня. У судзе ў іх таксама пыталіся, ці бралі яны дазвол на фатаграфаванне, якое кваліфікавалі як масавае мерапрыемства. Маўляў, удзельнікі сабраліся ў адным месцы, з аднолькавай мэтай — сфатаграфавацца, а пры сабе мелі «рэквізіт» — папяровыя клеткі і птушак-арыгамі. Іх выкарыстанне, на думку прадстаўніка Чыгуначнага РАУС, маёра Аляксандра Рыбакова, спрыяла «выказванню грамадскіх і сацыяльных інтарэсаў» — так напісана ў пратаколах, складзеных міліцыянтам.
Пратакол правапарушэння артыкула 23.34 КоАП складзены і на праваабаронцу Паўла Левінава. 12 снежня — якраз у той дзень, калі ён збіраўся зноўку сфатаграфавацца з сябрамі, над ім прызначаны суд.
«Скажыце, ці паедуць да нас турысты, калі за фотаздымак на памяць у грамадскім месцы без пісьмовага дазволу ўладаў можна трапіць за краты на тэрмін да 15 сутак?» — піша абураны праваабаронца на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
svaboda.org