Украіна афіцыйна адмовілася ад старшынства ў СНД у 2014 годзе

Украіна афіцыйна адмовілася сёлета ад старшынства ў СНД. 11 чэрвеня ўрад Арсенія Яцанюка адмяніў распараджэнне кабінета яго папярэдніка Мікалая Азарава ад 9 студзеня "Аб забеспячэнні старшынства Украіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2014 годзе".



snd.jpg

Аб спыненні старшынства ў СНД Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла 19 сакавіка. Зараз адмова аформлена дакументальна.
 

Распараджэннем урада краіны ад 9 студзеня быў створаны аргкамітэт па забеспячэнні яе старшынства ў Садружнасці, які ўзначалілі Азараў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Лёвачкін (затым яго змяніў Андрэй Партноў).
 

Сярод мерапрыемстваў, якія планаваліся, — правядзенне ў Кіеве пасяджэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД (кастрычнік), Савета кіраўнікоў урадаў (30 мая), Савета міністраў замежных спраў (кастрычнік), а таксама пасяджэння Эканамічнага савета СНД у верасні ў Ялце; правядзенне ў другім паўгоддзі міжнароднага інвестыцыйнага форуму "Ялцінскія дзелавыя сустрэчы" і інш. (усяго 35 пунктаў).
 

У лютым пасля трох месяцаў масавых пратэстаў у цэнтры і на захадзе Украіны супраць адмовы ўлад ад еўраінтэграцыі, прэзідэнт краіны Віктар Януковіч уцёк у Расію і быў адхілены ад улады рашэннем парламента.
 

У сакавіку ў Крыме прайшоў не прадугледжаны ўкраінскім заканадаўствам рэферэндум аб статусе паўвострава, які адкрыў дарогу да практычна імгненнага яго далучэння да Расіі. Афіцыйны Кіеў заявіў, што СНД не здольная вырашаць канфлікты паміж краінамі-членамі, і не выключыў выхаду з арганізацыі.

БелаПАН