Улады зноў дэманструюць адсутнасць прагрэсу ў арганізацыі выбараў

Па ацэнках кампаніі назірання «Права выбару-2018», у склад участковых выбарчых камісій праходзяць 8 чалавек са 119 вылучаных.

gs.by

gs.by

Чатыры з іх у Брэсцкай вобласці (адзін у Брэсце і тры ў Бярозе), чатыры — у Віцебскай (адзін у Мёрах і тры ў Верхнядзвінску), паведамляе прэс-служба кампаніі «Права выбару-2018». Найбольшая колькасць вылучаных кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі была ў Мінску і склала 50 чалавек, аднак ні адзін з іх не здолеў патрапіць у гэтыя камісіі.
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў лічыць, што ўлада ў чарговы раз прадэманстравала адсутнасць прагрэсу ў пытаннях арганізацыі і правядзенні выбараў.
— Выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы з'яўляецца чарговым пацвярджэннем таго, што выбарчыя камісіі фарміруюцца без зацікаўленых бакоў. У нашым выпадку гутарка ідзе пра прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якія выстаўляюць сваіх кандыдатаў на выбарчых акругах, а ў склад камісій, якія знаходзяцца на гэтых акругах, накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў. Атрымліваецца, што выбары ідуць па прынцыпу «міжсабойчыка», калі ў камісіі трапляюць лаяльныя да ўлады людзі, — гаворыць Алесь Сілкоў.
Нацыянальны каардынатар падкрэслівае, што ва ўчастковыя камісіі патрапілі актывісты з малых гарадоў, дзе кампанія не вядзе назіранне. Паводле Сілкова ўсё гэта хітрыкі накіраваныя на мінімізацыю стасункаў з «Права выбару-2018».
Таксама палітык паведамляе пра адсутнасць адмоваў ў працэсе рэгістрацыі ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў.
   
— У гэтым пытанні ўсё было гладка і, мяркую, гэта было створана наўмысна для таго, каб патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ішлі на выбары з меншымі перашкодамі, бо сам факт іх удзелу ў выбарчай кампаніі ніякім чынам не ўплывае на працэдуру падліку галасоў, якая дагэтуль застаецца закрытай і негалоснай, —падкрэслівае Алесь Сілкоў.
Трэба адзначыць, што ў склад тэрытарыяльных і абласных выбарчых камісій ад суб'ектаў кампаніі «Права выбару-2018» патрапіла 13 чалавек з 81 вылучаных. Найбольшая колькасць прайшоўшых у камісіі была ад Партыі БНФ у Віцебскай вобласці. Там у камісіі патрапіла сем чалавек.
Нагадаем, што ў кампанію назірання «Права выбару-2018» уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.
Галоўнай мэтай кампаніі назірання «Права выбару-2018» з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах у мясцовыя Саветы 2018 года кампанія плануе выставіць 1000 назіральнікаў, 46 з якіх будуць працаваць на выбарчых участках пад час датэрміновага галасавання.