Праваабаронцы: Фармаванне УВК сведчыць пра дыскрымінацыю апазіцыйных партый і рухаў

Вынікі фармавання ўчастковых выбарчых камісій (УВК) сведчаць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

vybary_1611.jpg


Праваабаронцы адзначаюць, што фармаванне ўчастковых выбарчых камісій з’яўляецца надзвычай важным этапам выбарчай кампаніі, бо яны ёсць асноўным суб’ектам выбарчага працэсу. Менавіта УВК непасрэдна арганізуюць і праводзяць датэрміновае галасаванне, галасаванне ў дзень правядзення выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў, падлік галасоў і ўстанаўленне вынікаў галасавання на выбарчым участку.

Гэтым разам усе прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў пры фарміраванні УВК, што «з’яўляецца станоўчым фактам у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 года, калі ў 52,3% выпадкаў прадстаўнікам кампаніі было адмоўлена ў гэтым праве», гаворыцца ў справаздачы.

Тым не менш, не ўсе зацікаўленыя асобы мелі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК (пратаколамі сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, заяваў грамадзян). У 72,4% выпадкаў прадстаўнікі органаў, якія фарміравалі УВК, адмаўлялі ў азнаямленні з гэтымі матэрыяламі, «што не дазваляе зрабіць высновы аб тым, наколькі вылучэнне ўключаных у склад камісіі прадстаўнікоў адпавядала патрабаванням выбарчага заканадаўства».

Як адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у 65,5% выпадкаў пры правядзенні паседжанняў органаў, якія фарміравалі УВК, не адбывалася абмеркавання дзелавых і асабістых якасцяў асобаў, вылучаных у склад камісій. Калі колькасць прэтэндэнтаў перавышала колькасць месцаў у камісіях, у большасці выпадкаў адбывалася персанальнае галасаванне, але абмеркавання кожнай кандыдатуры не было. У 72,4% выпадкаў прадстаўнікі кампаніі паведамляюць аб тым, што галасаванне адбывалася па загадзя вызначанаму спісу прэтэндэнтаў у склад камісій. Гэта сведчыць, што «ў большасці выпадкаў фарміраванне УВК насіла фармальны характар і склад камісій быў загадзя вызначаны мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады».

Як пішуць праваабаронцы, з 15 зарэгістраваных у краіне партый сваіх прадстаўнікоў у склад УВК вылучылі ўсяго 11 (усяго 3932 чалавекі, альбо 5,89% ад агульнай колькасці вылучаных). З іх 4 апазіцыйныя партыі вылучылі 237 чалавек (0,37% ад агульнай колькасці вылучаных, ці 6% ад агульнай колькасці вылучаных усімі палітычнымі партыямі).

Як і раней, Асноўнымі прэтэндэнтамі ў склад УВК сталі прадстаўнікі чатырох найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў (БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і ФПБ). Агулам яны вылучылі 24725 чалавек (37,05% ад усіх вылучаных).


vynik06012018.png


У склад УВК было ўключана толькі 26 чалавек (11% ад вылучаных) ад апазіцыйных партый. Для прыкладу: ад вылучаных чатырмя праўладнымі грамадскімі аб’ядннаннямі і ФПБ ў склад УВК было ўключана 30 091 чалавек (97% ад вылучаных), а з усіх вылучаных у склад камісій праўладнымі палітычнымі партыямі патрапілі 95,9% ад вылучаных імі. Гэта і дазволіла кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары канстатаваць, што «вынікі фарміравання УВК сведчаць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў».

Як вынікае з папярэдніх паведамленняў, Партыя БНФ вылучала ва УВК каля 60 чалавек — з іх прайшло ў камісіі толькі тры. З 83 чалавек, вылучаных ад АГП, у выбаркам увайшоў толькі адзін. З 17 вылучэнцаў «Руху за свабоду» ў выбаркамы не ўвайшоў ніхто.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» — кампанія па назіранні за выбарамі, якую ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.

Паводле інфармацыі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»