Улады Беларусі будуць спраўджваць даходы і выдаткі грамадзян без патрабавання дэкларацый

Міністэрства па падатках і зборах Беларусі зацвердзіла інструкцыю аб парадку ажыццяўлення кантролю за адпаведнасцю расходаў грамадзян з іх даходамі.



karman.jpg

Інструкцыя прадугледжана пастановай МПЗ ад 31 жніўня 2015 года № 22, што апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Разлік выдаткаў і даходаў будзе складацца за кожны каляндарны год на падставе наяўных у распараджэнні падатковых органаў звестак аб даходах, маёмасці і іншых выдатках грамадзян без патрабавання дэкларацыі.
 

Усе сумы пры разліках паказваюцца ў беларускіх рублях з улікам дэнамінацый, калі такія былі.

Як адзначаецца ў інструкцыі, калі будзе выяўлена, што выдаткі грамадзяніна адпавядаюць яго даходам, то службовай асобай падатковага органа афармляецца заключэнне, якое захоўваецца ў падатковым органе.
 

Калі выдаткі грамадзяніна перавышаюць яго даходы, то на працягу пяці рабочых дзён з даты складання разліку грамадзяніну накіроўваецца пісьмовае патрабаванне патлумачыць якія ёсць крынiцы даходаў.