United Company папрасіла прабачэння ў Лабадзенкі за рускую мову

Глебу Лабадзенку прыйшоў ліст за подпісам кіраўніка кампаніі Міхаіла Юрковіча.

nn_ccc1f.jpg


«Добры дзень, паважаны Глеб Паўлавіч!
Ад імя кампаніі СТАА «Юнайтэд Компані», хочам перапрасіць Вас за высланы супрацоўнікам нашай кампаніі Кулаком В.В. адказ на рускай мове на Вашу заўвагу ў кнізе водгукаў і прапаноў ад 21.08.2016 г., напісаную на беларускай мове. Мы правялі тлумачальную працу з кіраўнікамі сярэдняга звяна і прымем адпаведныя меры па выкананні заканадаўства ў дачыненні да патрабаванняў пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты грамадзян для прадухілення аналагічных выпадкаў у будучыні».
Нагадаем, што ў Глеба Лабадзенкі былі дзве прэтэнзіі да кампаніі.
Першая тычылася таго, што на АЗС пад Стоўбцамі не захацелі пераключаць канал «Россия 24». Пазней Міністэрства інфармацыі патлумачыла, што паводле заканадаўства ў грамадскім месцы можна трансляваць толькі дзевяць каналаў так званага «сацыяльнага пакета»: «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і г.д. Канала «Россия 24» няма не толькі сярод гэтых дзевяці, але і сярод 209 замежных каналаў, дазволеных для трансляцыі ў Беларусі. Суд па гэтай справе мусіў адбыцца 28 верасня, але яго перанеслі, паколькі напярэдадні пратакол адправілі на дапрацоўку.
Другая прэтэнзія вынікала з першай. Пасля таго, як Глеб на беларускай мове ў кнізе скаргаў і прапаноў апісаў сітуацыю з нежаданнем супрацоўнікаў запраўкі пераключыць канал «Россия 24», яму прыйшоў адказ па-руску. Гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства, за што пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічыняў. Паралельна Глебу прыйшоў адказ з Генеральнай пракуратуры, што гэтая справа перададзеная на разгляд у пракуратуру Мінскай вобласці.

Паводле nn.by