Ужо 587. Яшчэ восем беларусаў прызнаныя палітвязнямі

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек, паведамляе «Вясна». Гэта Мікіта Ганчароў, Вадзім Жылінскі, Арцём Клімчук, Дзмітрый Князеў, Дзмітрый Панько, Максім Шатохін (непаўналетні), Сяргей Пацукевіч і Ігар Гантавы.

viazni_2207.jpg

Ім выстаўленыя абвінавачанні або вынесеныя прысуды за ўдзел у масавых беспарадках і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэтыя людзі рэалізоўвалі права на мірныя сходы і толькі адказвалі на неабгрунтаванае ўжыванне сілы з боку міліцыянтаў.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і людзей, затрыманых за мірныя сходы ў паслявыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў  краіне.

Пад заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтр «Вясна» (зачынены ўладамі), Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА «Прававая ініцыятыва», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паводле «Еўрарадыё».

 

На сёння ў Беларусі 587 палітвязняў.