Андрэй Скурко: «Мы ўсё перажывём»

Паліна Скурко, жонка палітвязня, кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, на сваёй старонцы ў фэйсбуку прыгадала, як яны разам адзначалі гадавіны вяселля. І толькі гэта, дзявятая, стала выключэннем — Андрэй цяпер на Акрэсціна. «Я ўпэўнена ў яго духу і настроі. Абы б не падвяло здароўе», — піша Паліна.

Фота з фэйсбука Паліны Скурко. «На фота я яшчэ пяшчотны цвяточак. Цяпер жа блізкая да ператварэння ў крэмень. Ці, прынамсі, у ладны кавалак яшмы, якім можна і ўпрыгожыцца, і стукнуць», — напісала Паліна.

Фота з фэйсбука Паліны Скурко. «На фота я яшчэ пяшчотны цвяточак. Цяпер жа блізкая да ператварэння ў крэмень. Ці, прынамсі, у ладны кавалак яшмы, якім можна і ўпрыгожыцца, і стукнуць», — напісала Паліна.

«Я слаба памятаю нашы з Андрэем гадавіны. Помню, на другую гадавіну вяселля мы пайшлі ў тое самае кафэ "Сузор'е" на вул. Хмяльніцкага і елі чахахбілі. На трэцюю гадавіну сунуліся туды зноў, але грузінка-адміністратар шчыра сказала: можам вынесці вам тое, што повар прыгатавала для памінак. Не перажывайце, яна потым дагатуе! Рашылі адмовіцца. Цяпер на месцы "Сузор'я", кажуць, KFC.

Гэту 9-ю гадавіну вяселля я запомню, канечне.

Дзень перапісак, званкоў, эмоцый — і ўсё без продыху. Упершыню ў жыцці званіла 102 — па факце знікнення чалавека: прайшлі 72 гадзіны, а Андрэя і не выпусцілі, і не ўзялі пад варту. Следчыя не адказвалі на званкі адвакатаў, і ніхто нічога не разумеў.

А ў вольныя хвілінкі я правальвалася ў нашы вясельныя ўспаміны. О, у гэты час мы ехалі да загса (ёсць павер'е, што ў загс нельга ісці пешкі, і я вельмі раздражнялася, што трэба ехаць так блізка). О, а цяпер гуляем над Свіслаччу ў раёне Людаманта, пакуль бацькі аздабляюць стужкамі залу кавярні. А зараз вяртаемся дамоў і так хочацца ўжо залегчы і адпачыць!.. Наперадзе гады шчасця і кожны дзень са смехам і абдымкамі.

А што ты сёння ўспамінаеш у ІВС, мой харошы?..

Увечары ў адказ на мой зварот у 102 перазваніў участковы: ваш муж узяты пад стражу.

Гэта значыць, у бліжэйшыя сем дзён яму выставяць абвінавачанне. Што ж. Я вельмі чакаю пераводу яго з нялюдскага ізалятара на Акрэсціна (два тыдні без матраца, душу, мыла, перадач і зменнага адзення) — у следчы ізалятар на Валадарцы. Вось такія пажаданні сабе і мужу ў нашае свята.

Ужо чэшуцца рукі сабраць яму падаруначак, знаючы, што яго перададуць. Спадзяюся, ён будзе многа пісаць — для мяне, для сябе, для нас. І маляваць — ніхто не ведае, а такія дасціпныя ў яго выходзяць малюнкі! (і карыкатуры)

Страшэнна перажываю за здароўе: у Андрэя дыябет, і адвакат ды сядзельцы кажуць, што ён вельмі схуднеў. Што значыць гэта "вельмі"? Кепска схуднеў — або так, як сам збіраўся?..

Ну ды ладна. Апошнія тыдні навучылі прыкладаць сілы толькі туды, дзе можаш нешта змяніць. "Мы ўсё перажывём", — перадае муж пры кожнай нагодзе, а я яму. Я ўпэўнена ў яго духу і настроі. Абы б не падвяло здароўе.

Андрэй вельмі моцны і вельмі глыбокі.

І такі прыгожы...

Цудоўны мой, я так па табе сумую».