Сукамернікі псіхалагічна ціснуць на палітвязня Арцёма Баярскага ў СІЗА
На сёння хлопец правёў у СІЗА ужо 121 дзень.
Праваабаронцам стала вядома, што ў СІЗА-1 на палітвязня Арцёма Баярскага аказваецца моцны псіхалагічны ціск з боку сукамернікаў.
Нагадаем, Арцём — 19-гадовы студэнт другога курса хімфака БДУ. У першы раз яго затрымалі 16 лістапада: зацягнулі ў машыну і збівалі. Ён правёў у ізалятары 15 сутак. 24 сакавіка за Арцёмам прыйшлі зноў. З усіх хлапцоў у пакоі інтэрната забралі толькі Арцёма: нібыта, на 11 паверсе заўважылі сцяг.
25 сакавіка ў телеграм-канале Азаронка з'явілася відэа, на якім Арцём прызнаецца ў адміністраванні пабліка. Каб прымусіць яго сказаць гэта на відэа, Арцёма білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка Арцём паведаміў адвакату.
Арцём павінен быў выйсці на свабоду 18 красавіка. Але 16 красавіка бацькам патэлефанавала следчая і сказала, што Арцём затрыманы як падазраваны паводле арт. 361-1 ч.1 КК. Яго перавялі на Валадарку, а 26 красавіка прад'явілі абвінавачванне па гэтым жа артыкуле. Такім чынам, на сёння хлопец правёў у СІЗА ужо 121 дзень.
Паводле spring96.org