Валянціна Болбат: Мясцовыя ўлады павінны спусціцца са сваіх паверхаў да людзей

Жыхарка Верхнядзвінску Валянціна Болбат мае амаль 40-гадовы «стаж» грамадскай дзейнасці. Цяжка нават пералічыць усе накірункі працы няўрадавых арганізацый на Верхнядзвіншчыне і ўвогуле ў Віцебскай вобласці, да якіх спадарыня Валянціна мела і мае дачыненне.

inter_1.jpg

– У пачатку 1990-х у нас было столькі людзей у грамадскіх арганізацыях, па 140 чалавек! І гэта былі вельмі актыўныя людзі, яны шмат рабілі і хацелі зрабіць! Але ўлады прыбілі гэтую актыўнасць. Да людзей неабыякавых яны пачалі ставіцца падазрона, асабліва перад выбарамі: а раптам яны пойдуць у мясцовыя дэпутаты. Хаця гэта было б выдатна, каб людзі з крытычным поглядам і з шырокім мысленнем пайшлі ў мясцовую ўладу!
Дзякуючы нястомнасці Валянціны Болбат, у Верхнядзвінску часам удаецца дамовіцца пра супрацу і з мясцовымі ўладамі, і з кіраўніцтвам тамтэйшых прадпрыемстваў і ўстаноў, і з дэпутатамі, гатовымі рабіць агульную справу з грамадскімі актывістамі. Прыкладам такой супрацы стаў праект «Добры сусед», калі быў адрамантаваны “праблемны” шматпавярховы дом і ўпарадкавана навакольная тэрыторыя. Значную частку ўсіх работ выканалі мясцовыя жыхары, яны ж зладзілі для саміх сябе і вялікае свята ва ўласным двары.

inter_2.jpg

Але, каб гэты прыклад стаў не выключэннем, а правілам, неабходна “расштурхаць” кожны райвыканкам. А найлепей, каб самі прадстаўнікі ўладаў звярнулі ўвагу на людскія праблемы, кажа Валянціна Болбат:
– Я мяркую, што зараз прыйшла чарга ўладаў павярнуцца для людзей. Вялікая колькасць прапановаў да супрацы ад грамадскіх актывістаў ужо была – да пачатку 2000-х гадоў, пакуль мясцовыя ўлады не пачалі ўважаць актыўных людзей за сваіх ворагаў. Цяпер прыйшоў час, каб чыноўнікі спусціліся са сваіх трэціх, чацвёртых і пятых паверхаў выканкамаў на зямлю, да людзей!

inter_3.jpg

Верхнядзвінск сёння – гэта горад пенсіянераў, бо тут не развіваецца вытворчасць, і моладзь райцэнтра з’язджае ў большыя гарады, зазначае спадарыня Валянціна. Але такіх райцэнтраў па Беларусі шмат, і жыццё ў іх не мусіць спыняцца. Таму варта шукаць шляхоў развіцця рэгіёну, абапіраючыся на досвед суседніх краін, з якімі мяжуе Верхнядзвіншчына. Перадусім, на досвед Латвіі, дзе мясцовыя ўлады знаходзяць магчымасці для плённай супрацы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Паводле Радыё Рацыя