Віцебск у мінулым годзе страціў у тры разы больш людзей, чым у пазамінулым
За 2020 год у Віцебску стала менш на 1913 гараджан, з 2006 па 2018 год насельніцтва абласнога цэнтра толькі расло. Насельніцтва Віцебскай вобласці скарацілася на 13 261 чалавек, распавядаюць «Народныя навіны Віцебска».
Практычна з пачатку 2000-х гадоў за выключэннем пары тройкі
гадоў насельніцтва Віцебска павялічвалася, калі ў 2001 годзе тут было 347 828
гараджан, то цяпер 362 949.
Аднак, паводле справаздачы аб колькасці насельніцтва
Беларусі на 1 студзеня 2021 года, за 2019 год насельніцтва абласнога цэнтра
скарацілася на 571 чалавека, а вось у 2020 — адразу на 1913. Гэта значыць, у мінулым
годзе горад страціў у 3,3 разы больш жыхароў, чым пазалетась. Падобныя лічбы
назіраюцца толькі ў 2001 годзе, калі віцебчукоў стала на 2197 чалавек менш.
Насельніцтва Віцебскай вобласці ў цэлым за 2020 год
зменшылася на 13 261 чалавек. Гэта самае моцнае скарачэнне колькасці жыхароў з
усіх рэгіёнаў Беларусі як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні.
Насельніцтва паўночнага рэгіёну скарацілася адразу на 1,17%. У Магілёўскай
вобласці пры гэтым на 0,9%, у Гомельскай-на 0,8%, у Гродзенскай — на 0,75%, у
Брэсцкай — на 0,7%, у Мінску — на 0,5%, а ў Мінскай вобласці практычна не
змянілася.
Гэта рэкордны паказчык больш чым за дзесяць гадоў — з 2007
года падобных маштабаў зніжэння колькасці жыхароў у рэгіёне не фіксавалася.
Самае моцнае паскарэнне змяншэння насельніцтва назіраецца па
захадзе Віцебскай вобласці. Так, у Глыбоцкім раёне за 2020 год скарачэнне
насельніцтва павялічылася 1,88 разы ў параўнанні з 2019 годам (461 чалавек
замест 245), у Пастаўскім — у 1,84 разы (684 чалавекі замест 372), у
Браслаўскім — у 1,74 разы (406 чалавек замест 234).
З чым звязаная такая дынаміка, цяжка сказаць. Гэта магло адбыцца і з-за павелічэння смяротнасці ў выніку эпідэміі COVID-19, і ў выніку росту эміграцыі з Беларусі з-за палітычнага крызісу ў другой палове мінулага года.
Дадзеныя па смяротнасці ў Беларусі за 2020 год дагэтуль не
апублікаваныя.