З Беларусі з'ехаў Альгерд Бахарэвіч

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэіч разам з жонкай перакладчыцай і паэткай Юліяй Цімафеевай з'ехаў у астрыўскі горад Грац.

72276738_10215198428169653_122117413557764096_o_logo_1.jpg

Прызнаньне

Задоўга да таго, як Усё Гэта Пачалося, я працаваў над фантастычным раманам “Сьвятая Кацярына”, у якім быў такі сюжэт: у Менску зьяўляецца іншаплянэтніца і распачынае рэвалюцыю. Іншага шанцу на зьмены я тады ня бачыў. Раман я так і не закончыў. На Менск упала зь неба спадарыня Ціханоўская — і рукапіс быў адкладзены да іншых, горшых часоў.  
І вось яна пачалася проста за вокнамі. Наша рэвалюцыя. Сумневаў у гэтым мы ніколі ня мелі. Ні тады, ні цяпер. Мы не сумняваліся ў гэтым 9 жніўня 2020 году, калі зранку пайшлі ў масюкоўшчынскую школу, каб аддаць за СЦ адзін з нашых галасоў, а потым паехалі ў Шабаны, каб аддаць другі, і ўвечары вярнуцца туды, дзе былі раніцай, і чакаць пратаколу, які так і не зьявіўся, і падпісваць у цемры на нейкім камені лісті пратэсту, і крычаць “Ганьба” аўтобусу, які пад міліцэйскай аховай выехаў з школьнага двара — а з боку Пушкінскай ужо грымела, і неба над раёнам палала, і было ясна: вось яно пачынаецца. Дачакаліся.
Мы былі на Пушкінскай. Мы ўскладалі кветкі. А потым мы гулялі па бел-чырвона-белым горадзе. Стаялі ў ланцугу салідарнасьці. І ты чытала вершы каля філярмоніі пад велічны хор, ты чытала іх плошчы Незалежнасьці, і Ленін глядзеў на нас усіх і яму было страшна.    
Нам не было адкуль звольніцца ў знак пратэсту, нам ня трэба было пакідаць сыстэму — бо мы ніколі не былі яе часткай. Нам ня трэба было нічога даказваць, нас ня трэба было ні ў чым пераконваць, нам ня трэба было рабіць выбар — бо мы зрабілі яго вельмі даўно. Мы не ўдавалі, што жывем у нармальнай краіне. Мы ведалі, дзе мы жывем. Але нам казалі: вы перабольшваеце. Нельга дзяліць усё на чорнае і белае. У жніўні 2020 чорнае і белае падзяліла нас — але злараднасьць тут была недарэчы.
Недарэчы было жывіцца старымі крыўдамі і крытыкаваць тых, хто паўстаў супраць тыраніі. Недарэчы было жыць так, як мы жылі раней. Усё было недарэчы, апрача салідарнасьці, еднасьці і гневу.
У жніўні і верасьні рэвалюцыя натхняла мяне так, што нават уцёкі ад карнікаў у дварах не падаваліся нечым жудасным. Падчас нашых маршаў мяне пазнавалі чытачы — і гэта, што ні кажы, было прыемна. Часам людзі зьдзіўляліся: што я тут раблю. Што мы тут робім. У іхным уяўленьні чамусьці літаратары былі тымі, хто застаецца дома. Аднойчы каля Стэлы адна жанчына пазнала мяне, падышла і ўзрушана сказала: “Вы ж напішаце пра нас, праўда? Напішаце пра нас усіх вялікую кнігу?”
“Так”, — паабяцаў я. Але дагэтуль не стрымаў абяцаньня.
Што я напісаў за гэтыя месяцы? Няшмат. Верш “Вось яны, а вось мы” — які разышоўся сярод чытачоў так, як дагэтуль ніводзін з маіх вершаў. Рэвалюцыя тады была часам паэзіі. Неблагі тэкст пра свае любімыя кнігі пра рэвалюцыю. Шмат фэйсбучных пастоў. І, вядома, эсэ пра лукашэнкаўскі фашызм “Апошняе слова дзяцінства”. Мой самы ўдалы тэкст гэтага году, перакладзены на некалькі моваў. Нямецкі пераклад неўзабаве выйдзе, а водгукі такія, што аж сорамна. Дзякуй рэвалюцыі, якая прымусіла пісаць мяне мала, затое пра галоўнае. Але ты напісала больш і лепш.
У кастрычніку, калі я напісаў сваё эсэ, усё пачало зьмяняцца.
Ніколі ў жыцьці я не баяўся так за сваіх блізкіх і любімых, як гэтай восеньню. Ніколі ў жыцьці я не ганарыўся так сваёй краінай і сваімі суайчыньнікамі. Ніколі ў жыцьці я так ня радаваўся, што мая дачка вырасла і жыве за мяжой. Ніколі ў жыцьці я не шкадаваў так, што ня маю зброі. Ніколі ў жыцьці я так не ганарыўся родным горадам. Менскам, горадам Свабоды. Ніводны год не зьмяняў мяне так, як зьмяніў 2020-ы. Думаю, усе мы такія. Упершыню я быў гатовы прызнаць, што належу да народу. Да бяззбройнага эўрапейскага народу, які кінуў выклік узброенай бандзе.  
У кастрычніку мяне апанавалі жах і скептыцызм. Зрабілася ясна, што гэтае супрацьстаяньне будзе доўгім і жудасным. Зрабілася ясна, што ўсе размовы пра тое, што да перамогі засталося пару тыдняў, можна спакойна прагортваць, не чытаючы. Не, сумневаў у перамозе не было — замест іх зьявіўся ўсеўладны экзыстэнцыйны жах. Неяк уначы прыйшоў вобраз: кожную нядзелю мы кормім пачвару. Пакорліва прыходзім і аддаем найлепшых, каб насыціць. Але што далей? Мы пачалі спрачацца. Усе мае слабыя аргумэнты натыкаліся на тваё: “Але што ты прапануеш замест? Не хадзіць?” Я ня мог нічога адказаць. Я ўжо нічога не пісаў. Я ня мог пісаць. Не, мне не было сорамна за свае сумневы — яны былі праявамі крытычнага мысьленьня, ня больш і ня менш. Але што такое крытычнае мысьленьне супраць Веры.
У другой палове кастрычніка я захварэў. Два тыдні жудаснай ламаты ва ўсім целе і моцнага галаўнога болю. Але мы працягвалі хадзіць на маршы. Я ня мог адпусьціць цябе адну, бо я вельмі патрыярхальны чалавек. Ну не магу я кінуць сваю жанчыну ў небясьпецы. І не, гэта быў не каранавірус. Магчыма, проста рэакцыя арганізму на стрэс. Нам шанцавала. Часам нас ратавалі на машыне сябры. Але надышоў той дзень, калі мы, пабегаўшы каля Кароны, усё ж далучыліся да нечакана ўзьніклай на мосьце калёны і рушылі па Кальварыйскай у бок Пушкінскай. Менавіта ў той дзень я падумаў, што зараз мёртвыя з Кальварыйскіх могілак пачуюць нашае “Далучайся!” — і далучацца. Чаму не — нашы памерлыя за нас. МЫ былі трохі не дайшоўшы да праспэкта Пушкіна, калі нас дагнаў вадамёт. З боку могілак зьявіліся яны. Мы збочылі ў двары, мне падалося, мы ў бясьпецы. Але людзі раптам пабеглі. Пабеглі і мы. У дварах была засада. Ішоў дождж. Мы былі мокрыя з галавы да ног. У нейкі момант я адчуў, як галаву сьціснула так, што я быў пэўны: упаду зараз у лужыну і няхай будзе што будзе. Мы пасьпелі забегчы ў маленькую краму. За празрыстымі дзьвярамі бегалі паляўнічыя. У той дзень я падумаў, што хачу ўцячы. Адчуў сваё права на ўцёкі. У пераліку маіх правінаў, нашых правінаў перад гэтай дзяржавай столькі пунктаў, што такой калекцыяй можна толькі ганарыцца.
А потым былі арышт блізкага нам чалавека, арышты сяброў і знаёмых, кола змыкалася. Наша апошняя нядзеля ў Менску. Мы толькі выйшлі паглядзець на тое, што адбываецца ў нас на раёне. У выніку — зноў уцёкі праз двары. Салдаты пад вокнамі. Зачыстка проста ў нас пад бальконам.  
Я хачу падзякаваць гораду Грацу, на запрашэньне якога мы адгукнуліся і які даў нам прытулак на некалькі месяцаў. Так, мы ўжо тут. Пісьменьнікі ў выгнаньні — так гэта завецца на мове замежных літаратурных інстытутаў. Так, гэта выгнаньне. Не, гэта не эміграцыя. Гэта не палітычны прытулак, пра яго мы не прасілі — процьма людзей мае падставы яго атрымаць, але мы не, нас абмінула самае страшнае. Гэта літаратурная стыпэндыя, якую даюць аўтарам з такіх шчасьлівых краін, як Куба, Паўночная Карэя, Расейская імпэрыя, Самалі, Сырыя, Зымбабвэ. Украіна... Адусюль, дзе ідзе грамадзянская або Сапраўдная Вялікая вайна. Адусюль, дзе чалавечае жыцьцё не каштуе нічога, а слова “свабода” выклікае зьедлівы сьмех.
Дзякуй табе і прабач, што выцягнуў цябе зь Беларусі. Дзякуй і табе, Беларусь, за гэтыя чатыры месяцы я перажыў столькі, колькі не перажываў за ўсё жыцьцё, і навучыўся таму, што трэба ўспрымаць як нейкі Божы дарунак. Стыпэндыя — яна скончыцца. Куды мы вернемся — ніхто ня ведае. Спадзяюся, што вернемся. Так, адчуваць пісьменьніцкія салідарнасьць і спачуваньне — гэта наш прывілей. Адзіны — бо больш гэтая прафэсія не дае ніякіх выгодаў. Прадбачу, што гэтае прызнаньне мала каго парадуе. Але гэта мой выбар, наш выбар. Я не палітык. Я нікому нічога не абяцаў і адказваю толькі перад сабой. А гэты пост — проста сродак патлумачыць тым, хто нас чытае і любіць: мы зьехалі з краіны і мы ў бясьпецы.
І так, я адчуваю віну, якой наўрад ці ўжо пазбаўлюся. Гэта не віна перад кімсьці, што мы ўцяклі і сядзім у бясьпецы — мне заўсёды было напляваць, што пра мяне падумаюць. Гэта хутчэй віна за сваё бясьсільле. Я ня змог нічога зьмяніць. Ня змог дапамагчы. Проста прыехаў сюды з табой, хворы, як і мы ўсе — адчуваючы пустату ўнутры, боль у сэрцы і абсалютнае бясьсільле. Прывёз сюды траўму, паставіў на стол, сяджу і гляджу, не разумеючы, што рабіць.
На нас адразу накінуліся журналісты... Яшчэ б, жывыя беларусы, толькі што адтуль. Мы расказваем тое, што перажылі. Расказваем не пра сябе, а пра сапраўдных беларускіх герояў. І бачым жах у вачах: як такое можа адбываецца ў Эўропе...
Тут, у Грацы, я страчваю маральнае права кагосьці да чагосьці заклікаць (хоць я і ў Беларусі нікога ні да чога не заклікаў, ня маю такой звычкі і такой манеры). Жывучы тут, я ўжо не змагу сказаць, што насамрэч ведаю, што адбываецца. Я не зьбіраюся рабіцца чарговым аналітыкам, які раскладвае ўсё па палічках, седзячы ў бясьпецы за мяжой. Як жа мяне раздражнялі ўсе гэтыя месяцы людзі, якія спрабавалі заклікаць да чагосьці і ўказваць, што рабіць, нават ня ведаючы, што такое ўдзел у пратэстах. Цяпер за мяжой мы. Не, я ня буду такім, як яны. Але я скарыстаю ўвесь свой ня надта вялікі аўтарытэт і сваю ўмоўную вядомасьць, каб сьвет ведаў, што адбываецца ў маёй краіне, і дапамог ёй. Уласна, галоўнае, што я хачу тут зрабіць як пісьменьнік - стрымаць тое сваё жнівеньскае абяцаньне. Напісаць вялікі раман пра гэты жнівень, гэтую восень і зіму. Бо і праўда ж - ужо зіма. Дзесьці ўнізе, далёка ў горадзе, грае гармонік. Stille Nacht, heilige Nacht. Ніхто ня ведае, адкуль мы зьявіліся і навошта. Акрамя нас.
facebook.com