За налепку «Пагоня» — 40 базавых велічынь
5 лістапада ў Мастах разглядалася адміністрацыйная справа за правядзенне адзіночнага пікетавання, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».
Такім «адзіночным пікетаваннем», на думку суддзі суда Мастоўскага раёна Віталя Сінілы, з’яўляецца герб «Пагоня», які, дарэчы, афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі як гістарычная каштоўнасць. Але суддзю Сінілу гэта абыякава.
А справа ў тым, што на фасадзе дома мастаўлянкі Людмілы Ю., якая пражывае па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, супрацоўнікі міліцыі пабачылі налепку з выявай герба «Пагоня» і склалі пратакол аб пікетаванні. Было афіцыйна даказана, што тую налепку ў сярэдзіне лета мінулага года наклеіў сын гаспадыні дома, які наведваў бацькоў. Тым не менш суддзя Сініла палічыў факт пікетавання даказаным, і на Людмілу Ю. як на уладальніцу дома наклаў штраф 40 базавых велічынь.