Супраць затрыманага з-за пашпарта з «Пагоняй» мінчука распачалі крымінальную справу

Супраць удзельніка пратэстаў 2020 года распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе сайт Следчага камітэта.

Пашпарт з «Пагоняй». Фота: symbal.by

Пашпарт з «Пагоняй». Фота: symbal.by


Паводле СК, 23-гадовы мінчук, які працуе пекарам, 14 кастрычніка прыйшоў на «Мінск-Арэну» на матч КХЛ. Падчас правядзення асабістага агляду заўзятараў міліцыя ўбачыла, што на вокладцы пашпарта хлопца «размешчана незарэгістраваная ў Беларусі сімволіка». Малады чалавек быў затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС, дзе пры правядзенні асабістага вобшуку ў яго нібыта было знойдзена 0,15 грамаў гашышу.
У СК дадаюць, што падчас следства высветлілася, што ён удзельнічаў у пратэстах у жніўні і верасні 2020 года, а таксама быў падпісчыкам «экстрэмісцкіх» Telegram-каналаў.
СК не ўказвае прозвішча хлопца. Але інфармацыя пра яго затрыманне і ўзрост супадаюць інфармацыяй пра Уладзіслава Фёдарава, якога затрымалі 14 кастрычніка падчас агляду рэчаў перад уваходам на стадыён «Мінск-Арэна» на хакейны матч «Дынама-Мінск — Спартак». На наступны дзень суд Цэнтральнага раёна Мінска арыштаваў яго на 15 сутак па пратаколе аб непадпарадкаванні міліцыянеру (арт. 24.3 КаАП), адзначае «Медиазона».