«Забралі нават тэлефоны дзяцей». Намеснік старшыні БАЖ распавёў пра ператрус
У намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыса Гарэцкага адбыўся ператрус. Ён распавёў TUT.BY, што шукалі і што знайшлі сілавікі.
— Каля 7.30 у дамафон і дзверы сталі настойліва балабоніць. Літаральна праз 10 хвілін я ўбачыў сілавікоў з балгаркай і таранам для дзвярэй і адчыніў дзверы, — распавёў Гарэцкі.
Сілавая група ўварвалася ў кватэру з крыкамі: «Рукі за
спіну», але, зразумеўшы,што ў кватэры знаходзяцца трое маленькіх дзяцей,
сталі паводзіць сябе цішэй.
Ператрус працягваўся на працягу 3-4 гадзін.
— Глядзелі ўсе шчыліны, у сметніцы, у халадзільніку.
Канфіскавалі два ноўтбукі, тэлефоны. Забралі нават тэлефоны дзяцей, — дадаў
Гарэцкі.
Ператрус праводзіўся ў межах расследавання крымінальнай
справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК Беларусі. Сам Гарэцкі не мае
ніякага працэсуальна статусу (сведка, падазраваны і т. д.).
Пра тое, што адбываецца ў яго калегі, намесніка праўлення
БАЖ Алега Агеева, ён не ведае. Пра ператрус у офісе БАЖ даведаўся ад
журналістаў.
Барыс Гарэцкі асабліва падкрэсліў, што БАЖ з'яўляецца
афіцыйна зарэгістраваным аб'яднаннем і вядзе сваю дзейнасць празрыста і
сумленна.
Нагадаем, раніцай 16 лютага пачаліся ператрусы ў журналістаў
і праваабаронцаў па ўсёй краіне. Акрамя таго, праходзяць ператрусы ў офісе БАЖ,
пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» і незалежнага
прафсаюзу РЭП. Як паведамілі ў Следчым камітэце, ператрусы праходзяць «з
мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці».