Ціханоўская пра ператрусы ў БАЖ і «Вясне»: У пошуках злачынцаў варта зазірнуць у офісы АМАПа і ГУБАЗіКа
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі пракаментавала сёняшнія вобшукі ў незалежных журналістаў, БАЖ і супрацоўнікаў «Вясны».
— Яны шукаюць «злачынцаў» сярод тых, хто
дапамагае палітвязням і піша пра барацьбу беларусаў за свабоду, — адзначае Святлана Ціханоўская. — Яны шукаюць «злачынцаў» у дамах іх бацькоў. Але ў пошуках злачынцаў ім варта
зазірнуць у офісы АМАПа, ГУБАЗіКа і ўсіх адказных за рэпрэсіі.
Гэта і ёсць сапраўдны дзяржаўны крызіс, бо дзеля ўтрымання
ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Пакуль гэта
адбываецца, ў небяспецы знаходзяцца ўсе беларусы.
Але беларусы ведаюць, як вырашыць гэты крызіс. Такімі
дзеяннямі Лукашэнка сам збірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбунала
супраць сябе і сваіх набліжаных. І мы ўжо перадалі інфармацыю ў Еўрасаюз і
Савет ААН па правах чалавека з патрабаваннем прыняць меры.