Жонкі палітвязняў Лосіка і Статкевіча наведалі мужоў у СІЗА

Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, і Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, пабылі на спатканнях з блізкімі ў гомельскім СІЗА-3. Ігар Лосік атрымаў па рашэнні Гомельскага абласнога суда 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — 14 у калоніі асаблівага рэжыму.

Палітвязні на судзе. Фота sb.by

Палітвязні на судзе. Фота sb.by

Пра тое, як прайшлі спатканні жонак з палітвязнямі, піша Св***да.

«Прысуд успрыняў з вялікім абурэннем»

Дар’я Лосік расказала, што яе муж успрыняў прысуд з вялікім абурэннем.
«Яшчэ на прысудзе ён з клеткі пракрычаў мне, што ў справе, дзе 180 тамоў, ягонае прозвішча прагучала адзін ці два разы. У абвінавачанні напісалі, што Ігар каардынаваў пратэсты з турмы на Валадарскага! У абвінавачанні не было ніякіх экспертыз — як менавіта, калі і дзе Ігар „распальваў варожасць“. Такія абвінавачанні не могуць не ўводзіць у шал. Максімальна ідыёцкія „факты“ леглі ў аснову прысуда», — зазначыла жонка палітвязня.
На спатканнях не дазваляецца размаўляць пра крымінальную справу, таму размовы тычыліся Паўліны, дачкі Ігара і Дар’і, планаў сям’і на той час, калі палітвязень выйдзе на свабоду, падзеяў у Казахстане.
Ігар паведаміў, што на прагулкі іх водзяць, але цяпер холадна, таму доўга яны не гуляюць. Адміністрацыя і канвой агрэсіі да яго не праяўляюць. Пасля прысуда сталі значна лепш даходзіць лісты — ёсць дні, калі і 20 лістоў могуць прынесці.
«Ён вельмі стаміўся ад „крытага“ рэжыму, бо ён у турме, у закрытай прасторы ўжо амаль дваццаць месяцаў. Як цяпер сталі лепш ісці лісты, то прашу людзей: пішыце Ігару часцей», — кажа Дар’я.
Паводле яе, Ігар не верыць, што апеляцыя зменіць рашэнне суда.
«Хай там у скарзе чорным па белым будзе лагічна ўсё напісана і справядліва — яны проста чарговы раз заплюшчаць вочы і пакінуць яму тыя 15 гадоў. Але ні Ігар, ні я не верым у гэты тэрмін. Тым людзям, якія прасілі для яго вялікі тэрмін, далі яго, складалі абвінавачанне, хацелася бы сказаць: „А вы ўпэўненыя, што Лукашэнка яшчэ 15 гадоў будзе ва ўладзе?“. Бо гэта недальнабачныя людзі, не думаюць пра доўгатэрміновую перспектыву», — лічыць жонка палітвязня.

«Мікола не верыць у доўгатэрміновыя перспектывы гэтай улады»

Марына Адамовіч атрымала спатканне з мужам акурат пасля праваслаўных Калядаў, 8 студзеня.
«Мікола, як заўжды, выглядае добра і ўпэўнена. У якім бы стане я ні ехала на спатканне, ён заўжды здольны пасяліць ува мне аптымізм. Я выходжу са спатканняў з усмешкай, бо адведзены нам час мы шмат размаўляем, смяёмся, таму час пралятае імгненна. Хоць у Міколы бракуе інфармацыі — яму нават „СБ. Беларусь сегодня“ не даносяць, але ён ведае пра сітуацыю ў нашай краіне і Казахстане. Ён прачытаў прапанаваныя змены ў Канстытуцыю і прыйшоў да высновы, што яны вядуць да канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, практычна да абсалютнай манархіі», — зазначыла Марына Адамовіч.
Паводле яе, Мікола не верыць у доўгатэрміновыя перспектывы гэтай беларускай улады.
«Ён аналізаваў рэсурсы бакоў і лічыць, што гэтая ўлада выкарыстоўвае адзіны, астатні ў іх рэсурс — сілавы. І яны будуць узмацняць гэты кампанент, бо грамадства затаілася, але не скарылася. Яны закручваюць накрыўку, а ўнутры — кіпенне. Гэта ўсё вядзе да страт на міжнародным узроўні і непазбежнасці перамен у краіне», — дадала жонка палітзняволенага.
Мікола, па словах Марыны, перажывае за падзеі ў Казахстане, у першую чаргу перажывае за тую кроў, якая цяпер там ліецца.
«Мікола гаварыў пра наш, беларускі шлях. Хоць былі, безумоўна, памылкі, але наш шлях не даў мажлівасць развязаць крывавы сцэнар», — зазначыла Марына Адамовіч.