Цой пад гуслі? А чаму б і не? Як спалучаецца традыцыйны інструмент і сучасная музыка

Сусветныя і айчынныя хіты па-беларуску ды яшчэ пад гуслі? Фрэдзі Мерк’юры, Озі Озбарн, Віктар Цой, Булат Акуджава і Уладзімір Высоцкі — усё гэта на гуслях грае майстар-гусляр Алесь Чумакоў. Мова Гомель дазналася, як прыйшла ідэя спалучыць традыцыйны народны інструмент і сучасную музыку і ці лёгка навучыцца граць на гуслях.

Алесь Чумакоў

Алесь Чумакоў


— Прыгода з гуслямі пачалася ў знакавым будынку Рэвалюцыйная, 15 у Мінску, — распавядае Алесь Чумакоў. — Мы прыйшлі на сустрэчу, каб пайграць у адным вядомым гурце. Там прафесійныя музыкі сабраліся — гітарыст, флейтыстка, барабаншчык, якія сказалі, што будуць на сваіх інструментах граць. А ў лідара гурта была велізарная калекцыя іншых інструментаў: мандаліна, колавая ліра, гуслі. Адпаведна ўсё гэта дасталася мне, а мне цікава было вучыцца на гэтым граць.

Я музыка-аматар, музычная адукацыя ў мяне не скончана, я закінуў музычную школу па скрыпцы ў свой час. Напэўна, таму ў мяне былі развязаны рукі, я не быў прыкаваным да аднаго тыпу інструментаў, мне ўвогуле цікава засвойваць усё, што да мяне трапляе. У мяне зараз велізарная калекцыя інструментаў дома, яны развешаны па сценах, няма нават вольнага кавалка. Банджа, дуды розных краін, струнныя інструменты.

Але тады ўпершыню гуслі для мяне патрапілі. І гэта быў у добрым сэнсе шок: наколькі ў гэтым нібыта простым кавалку дрэва ўсё прадумана. У мяне інжынерная адукацыя, і я проста звар’яцеў, як гэта ўсё разумна, як гэта выкшталцона гучыць, і як гэта проста. Гуслі спадабаліся, і я падумаў, што хачу граць на гэтым інструменце.

Гэта быў 2002 год. Раней Алесь шмат паездзіў па розных фестывалях аўтарскай песні з гітарай. Кажа, што выцягнуў з гітары «ўсё, што мог».

— Я ездзіў і кожны раз спрабаваў прывезці на гэтыя фестывалі з гітарай штосьці іншае, нейкае іншае гучанне. І ўсё як не спрабуеш, усё роўна «блатны» гэты ля-мінор тырчыць. І б’е гітара, агрэсіўная вельмі ў яе атака, кіслотная. Хочацца штосьці такое мілагучнае, і гуслі былі адказам на гэта пытанне: вось, я гэта шукаў.

З таго часу Алесь Чумакоў пачаў думаць, як навучыцца граць на гуслях, адпаведна быў патрэбны ўласны інструмент. А дзе яго ўзяць? Адказ просты: зрабіць самому. З 2002-га па 2013- ты ён зрабіў, можа, каля паўсотні гусляў, але ўсе прадаваў.

— Я быў малады спецыяліст, у жыцці неўладкаваны, грошай не было: мне пасля канцэрта прапаноўваюць прадаць гуслі — я кажу «ну забірайце». У 2013 годзе я ўжо «жалезна» зрабіў некалькі гусляў пра запас і вырашыў, што ўсё, гэта мае інструменты, іх не прадам.


Струны былі на гуслях залатыя

На сёння Алесь Чумакоў працягвае займацца вырабам гусляў і прымае замовы. Кажа, што навучыцца граць на гуслях даволі лёгка, там 11 струн і 11 нот, браць заняткі можна таксама ў яго. Дарэчы, у мінулым годзе ў Алеся быў пажар у доме пад Мінскам, у выніку згарэла ўся майстэрня. Таму цяпер выступленні, у тым ліку канцэртны тур па гарадах Польшчы — гэта спосаб зарабіць на далейшы рамонт.

Набываюць жа гуслі музыкі, тыя, хто цікавіцца музычнымі інструментамі, тыя, хто цікавіцца старадаўняй музыкай, хто хоча дома памузыкаваць.

— Ускосныя згадкі пра гуслі адносяцца да 6 стагоддзя, а першыя археалагічныя знаходкі — з канца 10 стагоддзя. Я смела кажу, што гэта адзін з першых прафесійных інструментаў на нашых землях, тое, на чым не сорамна было для князя пайграць.

Струны былі на гуслях залатыя, і гэта не эпітэт, сапраўды, яны рабіліся са сплаву з вялікім працэнтам золата. Гэта археолагамі знойдзена і даказана, што струны з золата гучаць таксама добра, а нават і лепей за сённяшнія сталёвыя, з нержавеючай сталі. Рабілі інструмент звычайна з клёну, вольхі, елкі, дубу, ліпы — гэта традыцыйныя гатункі дрэў для гусляў. Таму калі ў фальклоры згадваецца нешта кляновае, яваровае, то гэта сто працэнтаў пра гуслі.

Што цікава, гуслі ўзніклі ў раннім сярэднявеччы, і было гэта звязана з росквітам «ювеліркі». Гуслі рабілі там, дзе маглі выцягнуць металічныя струны. Розныя конскія валасы, кішкі, медныя струны з’яўляюцца пазней і звязаны з заняпадам інструмента. Час бліжэй да 20-га стагоддзя, калі з’явіўся доступ да сталёвых струн, гуслі ўжо не заспелі.

— У нас у Пінску, Тураве, Мазыры да спалення, Гомелі, Віцебску, Гродне, Полацку можна шукаць гуслі, яны там павінны быць, таксама ў Старым Мінску. Апошнія двое гусляў нашых — з меднымі струнамі, музыканты на іх не паспелі паставіць сталёвыя. Калі б музыканты нашы вясковыя заспелі сталёвыя струны, то традыцыя не перарывалася б.

czumakou9.jpg


«Летуценнік»

У красавіку ў Мінску Алесь Чумакоў прадставіў свой новы альбом пад назвай «Летуценнік», з якім цяпер выправіўся ў гастрольны тур. Гэта два дзясяткі песень у перакладах сяброў-паэтаў Сержука Сокалава-Воюша і Макса Шчура.

— Беларускамоўны рэпертуар каля вогнішча заканчваўся на песні дзясятай, спяваць хацелася, а няма чаго. І калі Сяржук Сокалаў-Воюш зрабіў першы пераклад «Песняроў», у мяне проста адлягло. Гэта ж сотні песень, якія я магу ўзяць і заспяваць па-беларуску, калі ёсць такія сябры-перакладчыкі! З’явіўся Сяржук, Макс, і панеслася. Яны зрабілі шмат-шмат цудоўных перакладаў. Я не паспяваю спяваць усё, што яны дасылаюць. Ужо можна асобную праграму па Цоі зрабіць.

Цалкам сабралася праграма песень пасляваенных, але яны чакаюць лепшых часоў, і гэтыя песні варта будзе паказаць. Творчых планаў багата. Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага шмат перакладаў, гэта таксама вырасце ў канцэртныя праграмы. У мяне цяпер ёсць час займацца запісамі. У год будзе па дзве, тры, чатыры выходзіць праграмы.

czumakou12.jpg


Праз увесь свет насіць у сэрцы Гомель

У альбоме «Летуценнік» знайшлося месца і для пераклада Сержука Сокалава-Воюша з польскай мовы песні «Мой любы Гомель».

У 1927 годзе ў Парыжы падчас эміграцыі Ілля Эрэнбург піша кнігу «Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванца». Незадоўга да ад’езду пісьменнік наведваў Гомель, вынікам чаго і стаў раман пра Ройтшванца, краўца з Гомеля, які ўвесь час трапляе ў абсурдныя сітуацыі і, знаходзячыся ў розных краінах, прызнаецца ў любові да свайго роднага горада. Дзякуючы Лазіку, Еўропа даведалася пра Гомель, а самога Лазіка часта называлі «яўрэйскім Швейкам».

Алесь Чумакоў запрашае ўсіх, хто цікавіцца яго творчасцю, а таксама гуслямі, наведваць яго старонку на youtube — gusliby. Дарэчы, там з’яўляюцца і поўныя запісы з выступленняў музыканта.

— Як толькі вы трошачкі паспрабуеце пайграць на гуслях, то ўжо пачняце задумвацца пра сваю музычную кар’еру гусляра, — абяцае Алесь.