Фолк-бамонд заве адзначыць Юр’е

Вядомы кампазітар і рок-музыкант, беларускі этнограф Юрый «Франц» Выдронак збірае айчынны фолк-бамонд у гонар старажытнага свята славянскага народнага каляндара — вясенняга Юр’я (Ярылы), падчас якога адбывалася адмыканне зямлі, адзначаўся сапраўдны пачатак вясны.



afisha_taukacykau_2014.jpg

Гэтае асучасненае фальклорнае свята будзе мець назву folk-bomond fest «Таўкачыкі на Юр’я» і адбудзецца 23 красавіка ў сталічным клубе RE:PUBLIC.

Пра тое, што будзе чакаць аматараў сучасных апрацовак нацыянальнага фальклора на folk-bomond fest «Таўкачыкі на Юр’я», нам распавядае сам арганізатар шоў Юрый Выдронак:

«Непасрэдна ў клубе адбудзецца рэканструкцыя старажытнага абраду з сапраўдным юр’еўскім караваем, які спецыяльна да фэсту спякуць у сялянскай печы і прывязуць у сталіцу спявачкі з гурта «Глыбокія крыніцы» вёскі Закальное Любаскага раёна (мастацкі кіраўнік — Н. Мірэйчык). Гурт існуе больш за 70 гадоў і вызначаецца вельмі каларытнымі строямі і шчырым артыстызмам. Пры тым, калектыў захоўвае своеасаблівую аўтэнтычную манеру спеваў, якая, дарэчы, папоўніла спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Па народным ўяўленні абрад Юр’я з’яўляецца гарантыяй добрага ўраджаю, а значыць, і паўнаты жыццёвай энергіі чалавека на працягу года. Рэканструкцыю абраду Юр’е правядуць народныя спявачкі з калектыву «Талака», а гледачы змогуць прыняць у ім удзел і дапамагчы ў яго правядзенні».

jurij_vidronak_1.jpg

Юрый «Франц» Выдронак

Трэба адзначыць, што ў folk-bomond fest «Таўкачыкі на Юр’я» прымуць удзел вядомыя беларускія фолк-выканаўцы, сярод іх — фолк-рок-гурт «Бан Жвірба» (Гомель), які прымалі ўдзел ў самых першых «Таўкачыках» у 2000 годзе, а таксама этна-эмбіент-гурт «Дзівасіл», сучасныя выканаўцы фальклору і дударскай музыкі — гурты «Ветах», «Талака», Наталля Матыліцкая, арт-фолк-гурты «Альтанка», Маша Яр і «Хоха бэнд». Упершыню на фэсце будуць прадстаўлены гурты «BY CRY» і «Літы Талер». У якасці хэдлайнера на фэсце выступіць легендарны фолк-рок-гурт «UR’IA», які больш вядомы па гастрольных і фестывальных выступах на сцэнах Еўропы.

Больш падрабязную інфармацыю пра folk-bomond fest «Таўкачыкі на Юр’я-2014» можна атрымаць, калі зайсці на асабістую інтэрнэт-старонку Юрыя Выдронка: yuryvydronak.com