«Гісторыя ВКЛ» Алеся Краўцэвіча — кніга году
Як выглядае Топ-10 найлепшых беларускіх кніг у жанры «непрыдуманай літаратуры»? Што чакае гэты жанр пасля атрымання беларускага Нобеля? Кнігі якіх аўтараў да выдання зацвярджае КДБ? Гутарка "Радыё Свабода" са старшынёй секцыі літаратуры нон-фікшн пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў Наталляй Гардзіенка.
Алесь Краўцэвіч і яго кнігі "Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377)" і "Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы і Русі"
— Спадарыня Натальля, сёлета жанр «непрыдуманай літаратуры», якім Вы апякуецеся ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, быў адзначаны Нобелеўскай прэміяй. Ці паспрыяе гэта развіццю названага жанру ў Беларусі?
Натальля Гардзіенка
— Пра нейкі ўплыў можна будзе размаўляць гады праз два-тры. Пакуль казаць зарана. Маю надзею, што хоць успрыманне непрыдуманай літаратуры ў грамадстве і ў колах літаратараў крыху зменіцца, і яе будуць бачыць як літаратуру, а не як нешта другаснае. Прыклад такога cтаўлення я адчула на сабе, калі мяне даволі складана прымалі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, бо нон-фікшн — гэта нібыта не літаратура.
Па-шчырасці, не думаю, што Нобель справакуе нейкі росквіт айчыннай літаратуры нон-фікшн. Павінны адбыцца больш глабальныя змены на ўзроўні грамадства. Зразумелая сённяшняя цікавасць да Святланы Алексіевіч і яе творчасці, але наколькі яна будзе трывалай? Звычайна ў кніжных крамах складаюцца рэйтынгі самых прадаваных кніг. А было б карысна скласці рэйтынг самых пытаных, вызначыць наяўнасць «незадаволенага попыту». У сувязі з тым самым Нобелем, цікава, ці шмат людзей звярталіся ў кнігарні пасля прамовы Святланы Алексіевіч з запытам кніг пра яе, пра тых, каго яна назвала сваімі настаўнікамі: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава? Ці шмат захацелі перачытаць «Я з вогненнай вёскі»? На Захадзе на ўсё гэта быў бы попыт, і аўтары ды выдаўцы парупіліся б пра яго задавальненне. Ці спрацуе гэта ў нас — вялікае пытанне.
— Прыканцы году мы звычайна апытваем 10 экспертаў з мэтай вызначыць найлепшыя кнігі ў жанры нон-фікшн. Сёлета было названа 54 выданні. Гэта многа ці мала для Беларусі?
— Не думаю, што самі па сабе лічбы пра нешта гавораць. На прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, што ўручалася сёлета за кнігі, выдадзеныя ў 2011-2014 гадах у галіне непрыдуманай літаратуры, было пададзена каля 50 кніг, і таксама складана ацаніць, ці гэта багата, ці не. Па-мойму, важна, што ёсць з чаго выбіраць. Калі б усе 10 экспертаў назвалі тыя самыя 10 кніг, можна было б канстатаваць, што ім не было з чаго выбіраць. Адзначылі 54, значыць, рэальна іх больш, значыць, ёсць выбар, і гэта ўжо нямала. Хоць, паводле суб’ектыўных адчуванняў, кніг у галіне непрыдуманай літаратуры сёння ў Беларусі магло б быць значна больш.
Агульная тэндэнцыя ў свеце сведчыць пра пашырэнне цікавасці менавіта да літаратуры нон-фікшн, з'яўленне вялікай колькасці кніг, прысвечаных актуальным сацыяльным, культурным, палітычным праблемам. Прычым, адна з рысаў гэтай літаратуры — аператыўнасць. Мяркую, каб Алексіевіч была амерыканкай, то пакуль яна даехала б са Стакгольму дахаты, у кнігарнях ужо з'явіліся б яе біяграфіі, кнігі, прысвечаныя яе творчасці, акрамя, зразумела, яе ўласных кніг. І гэта датычыць любых знакавых падзеяў ці персонаў. Так гэта працуе на Захадзе. У Швецыі адным з бестселераў з'яўляецца біяграфія Златана Ібрагімавіча, і гэта таксама паказальна. Нас гэтая тэндэнцыя з'яўлення актуальных кніг, прысвечаных падзеям, праблемам, героям сучаснасці пакуль не асабліва закранула. Хоць і ў нас у галіне нон фікшн з'яўляюцца цікавыя кнігі.
— Топ-10 найлепшых кніг 2015 году выглядае наступным чынам:
1. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка 48 балаў;
2. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Укл. М. Скобла. Лімарыюс 45;
3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Укл. М. Скобла. Лімарыюс 44;
4. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор 37;
5. Зоська Верас. Выбраныя творы. Укл. Ганна Запартыка. Беларуская навука 35;
6. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Укл. Н. Давыдзенка Кнігазбор 30;
7. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч 22;
8. Цімох Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналогія 20;
9. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец Зміцер Колас 19; Апазыцыя БНФ Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Укл. А. Кур’яновіч. Інбелкульт 19;
10. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс 18.
Як Вы можаце пракаментаваць гэты спіс?
— Каментаваць можна па-рознаму. Я не лічу, што такія рэйтынгі сапраўды адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. Найперш заўважу, што кнігі, якія тут адзначаны, пераважна пабачылі свет у другой палове году, відаць, тое, што выйшла крыху раней, проста памятаецца горш. Да таго ж, літаратура нон-фікшн — даволі шырокае паняцце. У адрозненне ад мастацкай літаратуры, дзе крытэры ацэнкі больш універсальныя, «вечныя», ва ўспрыманні літаратуры нон-фікшн шмат асабістага, яно моцна завязана на сферы дзейнасці і асабістых інтарэсах кожнага канкрэтнага чытача. Я для сябе вылучаю тры групы кніг нон-фікшн: першая — тое, што адпавядае маёй асабістай прафесійнай цікавасці — кнігі, звязаныя з эміграцыяй. Таму для мяне сёлета найбольш цікавыя кнігі Лявона Юрэвіча, Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка ды іншыя «эміграцыйныя». І гэта можа нават не залежыць ад іх якасці. Яны цікавыя сваёй тэмай і самім сваім з'яўленнем. Думаю, гэтак ацэньваюць і іншыя прафесіяналы. Другая група кніг датычыць актуальных, важных тэмаў, кнігі, што адказваюць на пытанні, дзе мы жывем, чаму так сталася і г. д. Гэткай у 2012 годзе была для мяне «Майстроўня» Сяргея Дубаўца, што адзначана прэміяй імя Стагановічаў. Сёлета з гэткага гледзішча мне цікавыя кнігі Сяргея Навумчыка — «Дзевяноста чацверты» (перавыданне) і «Дзевяноста пяты», яны ствараюць своеасаблівы летапіс важных, знакавых для нашай краіны гадоў, якія і я памятаю. Трэцяя група кніг непрыдуманай літаратуры, якія я для сябе выбіраю — іх можна ўмоўна назваць «эсэі», нашчадкі Мантэня, тыя, дзе мне цікавы аўтар, яго асоба, яго пазіцыя, з кім цікава як бы праз кнігу паразмаўляць. Звычайна гэта людзі, якія вандруюць, аналізуюць, ацэньваюць, рэфлексуюць. Сёлета я для сябе тут вылучыла кнігу Сяргея Абламейкі «Мой Картаген». Аднак гэта мой суб’ектыўны выбар, залежны ад маіх цікавасцяў. Недзе гэтаксама, мяркую, вызначалі свае дзясяткі і эксперты. Ацэньваючы выніковы топ-10 можна толькі сцвярджаць, што апытаныя чытачы па-ранейшаму аддаюць перавагу кнігам пра мінулае, і чым далейшае яно, тым лепей. Ну і, безумоўна, надзвычайная жанчына была Зоська Верас, калі нават дзве яе кнігі ўвайшлі ў пяцёрку найлепшых.
— Тры кнігі з дзясяткі прысвечаныя эміграцыі. Чаму нашых чытачоў па-ранейшаму так цікавяць падзеі эмігранцкага жыцця?
— Думаю, казаць «па-ранейшаму» не выпадае. Хутчэй, па-ранейшаму чытачоў цікавіць Вялікае Княства Літоўскае і асоба Ларысы Геніюш. Наогул, стабільная цікавасць да часоў ВКЛ у грамадстве можа з'яўляцца вынікам своеасаблівага агульнага «сыходу» ад праблемаў сучаснасці праз немагчымасць іх адрэфлексаваць. Але гэта асобная тэма для развагаў. Што ж датычыць эміграцыі, то я б сказала, што можна адзначыць хутчэй пэўнае адраджэнне цікавасці да яе: да аўтараў-эмігрантаў, іх спадчыны, гісторыі і штодзённасці эміграцыі. І для мяне асабіста гэта сведчанне пэўнага выніку, у тым ліку і ўласнай працы, уласных намаганняў па папулярызацыі тэмы эміграцыі. Тры кнігі ў топ-10, выдадзеныя з ініцыятывы ню-ёрскага Беларускага інстытуту навукі і мастацтва — гэта для мяне важна.
— З 54-х названых экспертамі кніг толькі 8 выйшлі ў дзяржвыдавецтвах. Чаму дзяржава не зацікаўленая ў выданні падобнай літаратуры?
— Магу прывесці канкрэтны прыклад. Да мяне сёлета звярнулася адно дзяржаўнае выдавецтва з просьбай скласці спіс кніг, прысвечаных беларускаму замежжу, якія маглі б утварыць у іх адмысловую серыю. Улічваючы спецыфіку «дзяржаўнасці» выдавецтва, я зрабіла такі спіс з унутранай цэнзурай. Праз колькі месяцаў маўчання я даведалася, што спіс меўся ўзгадняцца ў Міністэрстве інфармацыі, а там прапанавалі яго скіраваць для ацэнкі ў... КДБ. Сёння дзяржаўныя выдаўцы вельмі ідэалагічна абмежаваныя. Яны мусяць працаваць у межах накінутай ім сістэмы каардынатаў, а гэта значыць, што ёсць багата тэмаў, кнігі на якія яны друкаваць ня могуць, бо гэта можа выклікаць пытанні «зверху». Таму выданні пра эміграцыю, прынамсі паваенную, заходнюю, не друкуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах. Таксама як кнігі, прысвечаныя альтэрнатыўным поглядам на праблемы мінулага і сучаснасці, або выданні «непажаданых» аўтараў. Я лічу, што нон-фікшн — літаратура прафесіяналаў. Каб напісаць вартасную кнігу нон-фікшн, трэба мець прафесійныя веды ў пэўнай галіне. Можа, таму гэтая літаратура так няёмка пачуваецца ў дзяржаве, заснаванай на прафанацыі.
— Якія кнігавыдавецкія праекты ў жанры «літаратуры факту» (асабліва плённыя) Вы хацелі б адзначыць?
— Зразумела, як любы жывы чалавек, я найперш буду казаць пра сваё, тыя праекты, а дакладней кніжныя серыі, да якіх сама маю дачыненне. Напрыклад, гэта «Бібліятэка Бацькаўшчыны», выдаваная Згуртаваннем беларусаў свету, дзе сёлета выйшлі чатыры кнігі (а да канца году мае з'явіцца яшчэ і пятая). Дзве з гэтых кніг увайшлі ў топ-10 (кнігі Лявона Юрэвіча і Янкі Запрудніка). Мне здаецца, што менавіта дзякуючы гэтай серыі, дзе ад 2004 году выйшла ўжо каля 30 кніг, і аднаўляецца цікавасць да эміграцыі. Другая серыя, якую адзначу, — «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыюс». З яе таксама дзве кнігі сёлета ў Топ-10. Да іх яшчэ варта дадаць успаміны Яўгена Ціхановіча «Партрэт стагоддзя», падрыхтаваныя Сяргеем Харэўскім, выдадзеныя сёлета ў гэтай жа сэрыі. Наогул, важнасць і вартасць выдання мемуараў сёння складана пераацаніць. І яшчэ я хачу адзначыць адзін вельмі важны, як мне здаецца, кнігавыдавецкі праект у галіне нон-фікшн — гэта «Бібліятэка Свабоды». Для мяне гэта той самы актуальны нон-фікшн, які ствараюць прафесіяналы і які адлюстроўвае праблемы і патрэбы сучаснасці. У звязку з нон-фікшн у шырокім сэнсе можна казаць і пра адносна маладое выдавецтва Андрэя Янушкевіча, і пра сталую «Гарадзенскую бібліятэку»...
— Зразумела, не ўсе вартыя кнігі трапілі ў спіс Свабоды. Што з неназванага, на Вашу думку, заслугоўвае чытацкай увагі?
— Мне здаецца, што чытацкай увагі заслугоўваюць кнігі, выдадзеныя на пачатку 2015 году, такія, як, прыкладам, «Відымусы» Лявона Юрэвіча. Незаслужана яны засталіся па-за ўвагай экспертаў. Гэта, што праўда, чытанне не для шарагоўца, яно вымагае пэўных ведаў, але чытанне захапляльнае, даволі новы для нас жанр архіўных нататак. Адзначыла б таксама ўспаміны эмігранта Святаслава Шабовіча «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў». Аўтар належаў да своеасаблівага пакалення Ды-Пі, што выехалі з Беларусі дзецьмі ці падлеткамі. Сёлета выйшлі і яшчэ адны ўспаміны, што належаць прадстаўніку гэтага пакалення, дакладней, прадстаўніцы — Юліі Андрусішын — «Забыццю не адданае».
— Чым асабіста Вам запомніўся 2015 год?
— Для мяне гэты год быў насычаны разнастайнай працай і рознымі праектамі. У кніжным плане з маім тым ці іншым удзелам выйшлі пяць кніг. Я радая, што мы сёлета скончылі своеасаблівую «трылогію», прысвечаную паваеннай Радзе БНР, у пэўным сэнсе, закрылі тэму. У гэтым годзе былі цікавыя праекты, звязаныя з непрыдуманай літаратурай — семінары з удзелам шведскіх калегаў — пісьменнікаў нон-фікшн, а таксама ўручэнне першай прэміі ў галіне непрыдуманай літаратуры імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. І, карыстаючыся нагодай, хачу сказаць, што неўзабаве будзе абвешчаны другі сезон прэміі імя Стагановічаў. У гэтым годзе былі і цікавыя паездкі, спатканні, знаёмствы. Для мяне асабіста гэта быў вельмі плённы год. Але, хутчэй за ўсё, тыя падзеі, якімі ён поўніўся, будуць згадвацца мне менавіта ў сувязі з тым, што ў гэтым годзе Святлана Алексіевіч атрымала Нобеля.
Як галасавалі нашы эксперты
Алесь Аркуш, пісьменнік, літаглядальнік Радыё Рацыя
Алесь Аркуш
1. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;
2. Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII скліканьня: дакумэнты, факты, камэнтары. ТАА Інбелкульт;
3. Вячаслаў Насевіч. Беларусы: станаўленьне этнасу і нацыянальная ідэя. ТАА Інбелкульт;
4. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
5. Віталь Сіліцкі. Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі. ТАА Інбелкульт;
6. Леанід Несьцярчук. Міхал Клеафас Агінскі: ліцьвін, патрыёт, творца. ТАА Брэсцкая друкарня;
7. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;
8. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя. Укл. С. Харэўскі. Лімарыюс;
9. Виктор Саяпин. 50 гродненских улиц. ЮрСаПрынт;
10. Сяргей Чыгрын. 125 пытаньняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны. Кнігазбор.
Ірына Багдановіч, літаратуразнаўца, БДУ
1. Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі. Укл. А. Смалянчук. Выдавец З. Колас;
2. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;
3. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
4. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
5. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
6. Кастусь Цьвірка. На скрыжалях вякоў: гісторыя Беларусі ў апавяданьнях паводле паданьняў і легендаў. Харвест;
7. Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гісторыі: спроба разбору палітычнага міту. Медысонт;
8. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;
9. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;
10. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Укл. М. Казлоўскі, С. Панізнік. Кнігазбор.
Генадзь Вінярскі, кнігавыдавец
1. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;
2. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;
3. Мікола Волкаў. Артылерыя Нясьвіскага замка. Выдавец А. Янушкевіч;
4. Стэфан К. Роўл. Уздым Літвы: паганская імпэрыя у цэнтральнай і ўсходняй Эўропе (1295–1345). Архэ;
5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
6. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Кнігазбор;
7. Мікола Плавінскі. Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 году. Мэдысонт;
8. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
9. Уладзімер Ліхадзедаў. Менск: падарожжа ў часе. Выдавецкі дом «Зьвязда»;
10. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1982–1997): падзеі, дакумэнты, асобы. Кнігазбор.
Алесь Дудар, кнігараспаўсюднік
1. Апазыцыя БНФ Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Інбелкульт;
2. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч;
3. Алесь Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;
4. Стэфан К. Роўэл. Уздым Літвы: паганская імпэрыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (1295–1345). Мэдысонт;
5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
6. Андрэй Блінец. Клецкія бітвы 1506 і 1706 гг. Выдавец А. Янушкевіч;
7. Антанас Ціла. Скарб Вялікага Княства Літоўскага падчас Дваццацігадовай вайны 1648–1667 гг. Мэдысонт;
8. Леанід Рэйн. Каралі і пешкі: калябарацыя ў Беларусі ў час Другой сусьветнай вайны. Інбелкульт;
9. Францішак Багушэвіч. Выбраныя творы. Укл. Я. Янушкевіч. Беларуская навука;
10. Мэтрыка ВКЛ. Кніга судовых справаў. Беларуская навука.
Ірына Зубар, таваравед кнігарні «Эўрыка»
1. Дзяніс Лісейчыкаў. Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596–1839). Беларусь;
2. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;
3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
4. Кіпель Вітаўт. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;
5. Чэслаў Пяткевіч. Грамадзкая культура Рэчыцкага Палесься. Пер. з польскай Ул. Васілевіча і Л. Салавей. Беларуская навука;
6. Леанід Несцярчук. Міхал Клеафас Агінскі: ліцьвін, патрыёт, творца. ААТ Берасьцейская друкарня;
7. Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
8. Зоська Верас. Выбраныя творы. Кнігазбор;
9. Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі. Выдавец З. Колас;
10. Мы зь Іманам жывем на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі. Укл. І. Драўніцкі і Т. Якубоўская. Тэхналёгія.
Андрэй Масквін, тэатральны крытык, мастацтвазнаўца, Варшаўскі ўнівэрсітэт
1. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс;
2. Зоськa Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
3. Зоська Верас. Выбраныя творы. Кнігазбор;
4. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя: успаміны. Лімарыюс;
5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
6. Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
7. Сьліж Натальля. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII ст. Інбелкульт;
8. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч;
9. Юрий Кишик. Белорусский город: историческое наследие, архитектурное своеобразие. Беларусь;
10. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка.
Юрась Пацюпа, літаратуразнавец, Нацыянальная Акадэмія Навук
1. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;
2. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гадоў. Выдавец А. Янушкевіч;
3. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;
4. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс;
5. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
6. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
7. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
8. Ніл Гілевіч. У віры быцьця: кніга эсэістыкі. Кнігазбор;
9. Беларускі фальклёр: матэрыялы і дасьледаваньні. Вып. 2. Беларуская навука;
10. Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага XV–XVII ст. Укл. В. Чамярыцкі. Беларуская навука.
Уладзімер Сіўчыкаў, пісьменьнік, кнігавыдавец
1. Ніл Гілевіч. У віры быцьця: кніга эсэістыкі. Кнігазбор;
2. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;
3. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 3-е выд. Радыё Свабода;
4. Саламея Пільштынова. Авантуры майго жыцьця. Папуры;
5. Дарота Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка (1918–1920): ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці. Пер. з польскай Алесь Пілецкі. Інбелкульт;
6. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;
7. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
8. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
9. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. Радыё Свабода;
10. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас.
Аксана Спрынчан, паэтка, рэдактарка выдавецтва «Мастацкая літаратура»
1. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
2. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;
3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
4. Міхась Казлоўскі. Цяпло айчынных камянёў. Кнігазбор;
5. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;
6. Сяргей Навумчык. Дзевяноста чацьверты. Бібліятэка Свабоды ХХІ ст.;
7. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. Бібліятэка Свабоды ХХІ ст.;
8. Ігар Мельнікаў. Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг. Галіяфы;
9. Ігар Мельнікаў. Заходнебеларуская Атлянтыда: 1921–1941 гг. Галіяфы;
10. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс.
Сяргей Чыгрын, пісьменнік, загадчык літчасткі Слонімскага драмтэатру
1. Бежанства 1915 году: успаміны жыхароў Беласточчыны. Укл. В. Луба. Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»;
2. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;
3. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;
4. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;
5. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;
6. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;
7. Мікола Волкаў. Артылерыя Нясьвіскага замка. Выдавец А. Янушкевіч;
8. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Кнігазбор;
9. Андрэй Чарнякевіч. Памяць пра Гродна. Юрса-Прынт;
10. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні. Выдавец А. Янушкевіч.