Хто такі Макс Шчур і чаму яго ніхто не бачыў
Для многіх рашэнне журы прэміі Гедройца стала нечаканасцю. Галоўны прыз здабыў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт». Хто такі гэты Шчур, якога ніхто не бачыў у менскіх літаратурных тусоўках?
Гэта вундэркінд, звесткі пра якога ўрыўкавыя.
Свой першы зборнік вершаў ён выдаў у 16 гадоў, і той адразу стаў падзеяй. Вырас ён у Берасці, а каранямі паходзіць з Наваградчыны.
Пасля школы вучыўся ў Мінскім лінгвістычным на іспаністыцы, жыў у інтэрнаце на вуліцы Варвашэні. У 20 гадоў напісаў п'есу «Смерць тырана», актыўна ўдзельнічаў у руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы супраць дыктатуры Лукашэнкі.
Далей адбыўся цьмяны эпізод. Вынік яго быў такі: у 1998 годзе Шчур папрасіў палітычны прытулак у Чэхіі.
Ён казаў сябрам, што спецслужбы шантажавалі яго па тэме наркотыкаў. Ад таго моманту, здаецца, у Беларусь ён не прыязджаў.
У адрозненне ад большасці ўпырхлікаў, Шчур працягваў пісаць па-беларуску — часам з асалодай, часам з горыччу.
У яго выйшаў зборнік вершаў «Амфітэатр» (Прага-Гданьск, 1999). Ягоныя вершы друкаваліся ў чэшскіх, шведскіх і польскіх перакладах. Ён стаў лаўрэатам слаба раскручанай прэміі Янкі Юхнаўца за раман «Там дзе нас няма» (2004) і Premio Iberoamericano 2003 года.
Ён перакладаў на беларускую з чэшскай (Гелнэр, Кліма, Рэйнэк), іспанскай (Кевэда, Борхес, Лорка), англійскай («Прыгоды Алесі ў дзівоснай краіне», пры падтрымцы Юрася Бушлякова) моваў, хоць гэта, зразумела, не прыносіла яму ні капейкі.
«Цікавіцца тэорыяй інтэрпрэтацыі, філасофіяй мастацтва, дачыненнямі культуры й палітыкі», — піша пра яго Вікіпедыя.
Жыве ён у Празе. Мае старонку ў фэйсбуку пад псеўданімам.
Шчур — такая постаць, пра якую застаецца дадаць: калі хтосьці ведае пра яго больш, папраўце мяне ў каментах да гэтага артыкула.
Мікола Бугай, Наша Ніва