...І выбухі рогату ў нечаканых месцах, і апладысменты на фінальных кадрах!
Беларусы Канады знялі
свой першы (дай Божа, не апошні!) фільм — музычную казку «То-то-то». І атрымалі шчырае задавальненне ад яго прэм’еры ў Беларускім грамадскім цэнтры Таронта 10 лютага.
Гэты фільм —
выдатны прыклад таго, што можа зрабіць таленавітая і самаадданая каманда сцэнарыстаў,
спевакоў, актораў, аператараў і мантажораў.
Па чырвонай дарожцы
пад фанфары і авацыі гледачоў прайшлі ўсе ўдзельнікі праекту: выканаўцы
галоўных роляў Інэса Церашчук, Ларыса Міхайлава, Аляксандра Саленік, Зміцер
Леановіч, Надзея Дробіна, Ігар Уласічаў, Ігар Філюшкін, Ала Касцючэнка і
Віялета Кавалёва, артысты, якія здымаліся ў эпізодах, выканаўцы вакальных
партыяў, аператары, мастакі і г.д. Усе акторы фільма, а таксама ўсе вакалісты —
выканаўцы таронтаўскага спеўнага гурта “Яваровы людзі” (а таксама і “Яваровы
дзеці”). А ў масавых сцэнах Купалля здымаліся жыхары Таронта і ваколіцаў.
“Яваровы людзі” знялі
гэтае кіно па матывах аднайменнага музычнага спектаклю, напісанага самімі
ўдзельнікамі гурта і ўпершыню паказанага ў 2012 годзе, на Сустрэчы беларусаў
Паўночнай Амерыкі. У фільме ёсць кадры для ўсіх: таямнічыя вядзьмаркі і
загадкавыя гандляры для аматараў чарадзейных казак, цёмныя сілы для прыхільнікаў
“жахлівікаў”, драма і эротыка для тых, хто любіць паплакаць над шчымлівай
гісторыяй кахання, ёсць медытатыўнае яднанне з прыродай і нават дапаможнік па
ткацтве паясоў. Чаго ў ім няма, дык гэта бессэнсоўнага гвалту і бязглуздага
“мачылава”.
Нягледзячы на феерыю
музыкі і танцаў (хаця і не ў балівудскім стылі!), фільм атрымаўся адназначна
беларускім. А сапраўдны галоўны герой гэтай відэастужкі — беларуская народная
песня, і яе аматараў фільм не пакіне абыякавым.
Ад свежай версіі ўсім вядомай “Купалінкі” мурашкі бягуць па спіне,
колькі б разоў яе ні слухаў. У фільме прагучала васемнаццаць беларускіх
народных песняў, і ніводная з іх не была скарочана дзеля “зручнасці” мантажу.
Усе
песні, музыку і гук для “То-то-то” запісаў і звёў гукарэжысёр гурта “Яваровы
людзі” Ігар Філюшкін. Кіраўнік гурта
Віялета Кавалёва адмыслова для фільму зрабіла аранжыроўкі некаторых песняў, а
таксама інструментальныя апрацоўкі беларускіх мелодый. Фанаграма танцу
“Падэспань” была запісаная выканаўцамі менскага гурта “Вербіца” і выкарыстаная
ў фільме з іх ласкавай згоды.
На прэм’еру кіно 10
лютага ў беларускі цэнтр сабралася больш за 70 чалавек.
Ларыса
Міхайлава: “Даўно ў мяне не было такога добрага настрою, як пасля прагляду
фільму! Асабіста для мяне гэты фільм будзе хронікай найлепшых момантаў майго
канадскага жыцця, звязанага з “Яваровымі людзьмі”. Вельмі прыемна было
ўзгадваць, як гэта ўсё адбывалася! Колькі цікавых успамінаў, звязаных і з Купаллем,
і з Гай-паркам, і з хамутом :) Гэты фільм будзе найлепшым сродкам супраць
сумнага настрою ў будучыні!”
Ігар Філюшкін:
“Ці варта казаць, што ўвесь праект быў рэалізаваны дзякуючы невычэрпнай энергіі
і шыле ў адным месцы ў нашага бясстрашнага кіраўніка Віялеты Кавалёвай”.
Зміцер Леановіч:
“Вялікі дзякуй Ігару і Віялеце, рэжысэрам і мантажорам фільму, за доўгую і
складаную працу! І асобны дзякуй за тое, што яны ў якасці бонуса зрабілі “фільм
пра фільм” – паказалі, як здымаліся эпізоды. Гэта было супер, смешна,
таленавіта”.
У далейшых плянах
стваральнікаў “То-то-то” — выпуск DVD, аўдыёдыску з саўндтрэкам да фільму, а
таксама падрыхтоўка вэрсіі з ангельскімі субтытрамі і ангельскім закадравым
тэкстам.
Наш кар., фота Уладзіміра Касцючэнкі