Японскі мультфільм «Рыбка Поньё на ўцёсе» пакажуць у беларускай агучцы

Мультфільм "Рыбка Поньё на ўцёсе" знакамітага японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі пакажуць у беларускай агучцы ў Мінску. Аб гэтым паведамілі арганізатары.



maxresdefault_kopiya_0.jpg

Свае галасы героям адной з самых вядомых работ японскага рэжысёра падаравалі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павел Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін. Паказы мультфільма пройдуць з 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры "Масква", з 26 па 27 чэрвеня — у кінатэатры "Піянер".

"Рыбка Поньё на ўцёсе" — дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай прэміі "Оскар" за выдатныя заслугі ў кінематографе. Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на "Залатога льва" — галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам, на думку Японскай акадэміі.

Традыцыю перакладаць на беларускую мову і агучваць галасамі вядомых у свеце беларускага тэатра, кіно і музыкі персон яркія вобразы сусветнага кінематографа, ад класічных хітоў да навінак самых розных жанраў заснавала і падтрымлівае кампанія "Кінаконг". Дапамагае ёй у гэтым velcom. За час рэалізацыі праекта "Беларускія уікэнды" прайшлі паказы такіх фільмаў, як "Маленькі прынц", "Форэст Гамп", "Жонка наглядчыка заапарка", "Кніга Ілая" і інш.

 Паводле zviazda.by, БЕЛТА