Яўген Вапа: Кастусь Каліноўскі – неад’емная частка гісторыі ўсіх беларусаў
Прадстаўляць беларусаў на перапахаванні паўстанцаў у Вільні будуць не толькі грамадзяне з розных рэгіёнаў беларускай дзяржавы, але і жыхары Беласточчыны.
Радыё Рацыя пагутарыла пра гэта з кіраўніком Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгенам Вапам. Удзел беларусаў Падляшша асабліва сімвалічны хаця б таму, што кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах і хрысціўся ў Ялоўцы, абедзве вёскі знаходзяцца з польскага боку сучаснай мяжы.
– Вядома, што Кастусь Каліноўскі – гэта неад’емная частка гісторыі ўсіх беларусаў, у тым ліку беларусаў Падляшша. Ужо ў 60-х гадах беларускі тыднёвік “Ніва” ініцыяваў акцыю надання імя Кастуся Каліноўскага дому культуры ў Гарадку. І таксама пабудова новага дома культуры адбылася за ахвяраванні людзей з Беласточчыны. І па сёння ён носіць імя Каліноўскага. У Беластоку ёсць вуліца імя Каліноўскага, а нядаўна ў саміх Мастаўлянах быў пастаўлены помнік Кастусю Каліноўскаму. І гэта сімвалічна, вёска знаходзіцца на польска-беларускай мяжы, і асоба Кастуся Каліноўскага і яго роля ў нашай гісторыі з’яўляецца прадметам дыскусіі і спору. Для нас важна і мы вырашылі паехаць на ўрачыстасці, бо гэта гонар для беларускага слова – у друкаваным выглядзе ў „Мужыцкай праўдзе” ці лірычнай паэзіі – у „Лістах з-пад шыбеніцы”. Гэта дае нам вобраз чалавека, які ў самы апошні трагічны момант, калі перад смерцю вырашыў нешта напісаць, піша лірычныя лісты па-беларуску, а не патрыятычныя лісты па-польску. Гэта паказвае душу і эмоцыі чалавека.
РР: Што тычыцца самой цырымоніі, Вам не падаецца дзіўным, што яна прызначана на будні дзень?
— Яўгена Вапа: Вядома, што ўсё вырашаюць гаспадары ў кантакце з высокімі запрошанымі гасцямі з Польшчы ці Беларусі, бо ведаем, што дэлегацыі гэтых краін будуць. Будзе прэзідэнт Польшчы на гэтым перапахаванні. Але наколькі я памятаю, такія мерапрыемствы на высокім роўні часцей адбываюцца ў суботу – нядзелю. Мы таксама гэта заўважылі, бо некаторыя людзі, якія б вельмі хацелі паехаць, не змогуць узяць у гэты дзень выходны. Таксама значная праблема тых, хто едзе з Беларусі і Польшчы – вельмі ранні пачатак урачыстых мерапрыемстваў. Зараз гадзіна розніцы паміж Беларуссю і Літвой, а таксама перасячэнне мяжы і чаканне на мытні.
Цешыць тое, што для беларусаў урачыстасці ў Вільні расцягнутыя на тры дні, што дазваляе і пабыць, і паўдзельнічаць, і сустрэцца. І для нас, беларусаў, вельмі важным з’яўляецца тое, што ў суботу 23-га лістапада ў Вільні адбудзецца паседжанне Рады БНР. І гэта паказвае, што пераемнасць ідэяў і ідэя свабоднай і незалежанй Беларусі вельмі важная. Палітычная прысутнасць ураду, які аб’явіў у 1918 годзе незалежнасць Беларусі ў гэтым месцы, на Віленскай зямлі, якая была і часткай беларускага этнічнага пражывання, ёсць, безумоўна, вельмі важным фактарам. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, на маю думку, павінна прысутнічаць на галоўнай малітве ў саборы і ёй, як прадстаўніцы Беларускай дзяржавы мусяць даць голас літоўскія ўлады. Гэта быў бы раўнапраўны падыход да ўшанавання ўсіх паўстанцаў, якія загінулі. Таму, калі будзе выступаць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Літвы, то, думаю, што і прадстаўніку беларускага ўрада і старшыні Рады БНР павінны даць слова.
Цырымонія перапахавання паўстанцаў у Вільні пачнецца ў бліжэйшую пятніцу а 8-30 паводле мясцовага часу з вынасу трунаў і ўрачыстага пастраення на Катэдральным пляцы ў цэнтры горада.