Юбілей пачвары

У свеце адзначаюць 200-ю гадавіну публікацыі славутай кнігі Мэры Шэлі пра прыгоды Франкенштэйна. Пры гэтым нечакана высветлілася, што «Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй» — сёння самая актуальная кніжка.

Віктар Франкенштэйн і яго памочнік Ігар. Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Віктар Франкенштэйн і яго памочнік Ігар. Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Нават калі б на гэты год не прыпала круглая дата, пра «Франкенштэйна», напэўна, усё роўна ўзгадалі б. Справа ў тым, што кніга была напісана па слядах кліматычнай катастрофы, на якія вельмі багаты наш час. Гутарка ідзе пра вывяржэнне вулкана Тамбора ў 1815-м годзе, які знаходзіцца на тэрыторыі цяперашняй Інданезіі. Лічыцца, што масіўны выкід попелу ў атмасферу выклікаў эфект вулканічнай зімы ў паўночным паўшар'і. Ахвярамі кепскага надвор’я аказаліся таксама наведвальнікі швейцарскага курорту, сярод якіх была Мэры Шэлі. Замест адпачынку турыстам даводзілася сядзець каля каміна і прыдумляць для забавы нейкія жудасныя гісторыі.

Мэры Шэлі.

Мэры Шэлі.

Падчас гэтых сеансаў у Мэры і паўсталі контуры сюжэта, які лёг у аснову будучай кнігі. Напэўна, фабулу твора ведае кожны. У кнізе распавядаецца пра жыццё і працы навукоўца Віктара Франкенштэйна, якому ўдалося зразумець таямніцу зараджэння жыцця і навучыцца ажыўляць мёртвую матэрыю. Франкенштэйн стварае штучнага чалавека з частак трупаў. Пачвара, якую ўсе ненавідзяць за знешні выгляд, пачынае пераследаваць свайго творцу.

Раман пабачыў свет у Лондане ў 1818 годзе (праўда, спачатку без указання аўтара) і адразу выклікаў вялікую цікавасць публікі. Што тычыцца крытыкаў, яны на той час віталі «Франкенштэйна, ці Сучаснага Праметэя» як якасны прарыў у жанры гатычнага раману, які дасюль лічыўся вульгарным. З часам у кнізе пабачылі нешта большае за эфектную гісторыю жахаў. На думку некаторых, Віктарам Франкенштэйнам рухае імкненне атрымаць уладу, якая належыць толькі Богу. Іншыя лічылі, што пісьменніца праз Франкенштэйна «троліць» Французскую рэвалюцыю, сучасніцай якой яна была. Маўляў, якабінцы з лепшых намераў спарадзілі такога монстра, як Банапарт. З часам пабачылі ў творы і анталагічнае пытанне аб паходжанні рэчаў у спалучэнні з гнасеалагічным аспектам: ці адпавядае сутнасць прадмета яго знешнасці? Працягваюцца спрэчкі вакол твору і сёння.

і«Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй»

і«Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй»

Напэўна, найбольш незвычайным у гэтым масіве крытыкі былі рэцэнзіі, у якіх аўтарку абвінавачвалі ў тым, што яна піша не як жанчына. У наш час гэтую тэорыю працягнулі феміністкі. Яны прыдумалі версію, паводле якой за вобразам пачвары хаваецца жаданне Мэры Шэліадпомсціць свету, дзе моцны пол прыгнятае жанчын.

Тым часам тэму штучнай пачвары даўно пачала эксплуатаваць масавая культура. Ужо ў 1823 годзе на базе кнігі была напісаная п’еса для тэатру. Пачынаючы з 1910-га Франкенштэйн стала прапісаўся ў Галівудзе, дзе пра прыгоды істоты знялі каля ста фільмаў. Найбольш паспяховым стала экранізацыя 1931 года з Барысам Карлоф (Boris Karloff) у галоўнай ролі. Працуючы над фільмам, аўтары прыдумалі свой фінал — мясцовыя жыхары падпальваюць млын з пачварай, якая памірае ў агні. Фільм выклікаў такі ажыятаж, што было вырашана адрадзіць монстра і запусціць цэлы цыкл пра яго прыгоды. Пры гэтым адбыўся цікавы піруэт: негатыўны персанаж ператварыўся ў дастаткова пазітыўную персону, ахвяру эксперыменту вынаходніка-вар’ята.

Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Не дзіўна, што хутка персанаж Франкенштэйна стаў нагадваць нейкага супергероя коміксаў. На экранах ён абараняў зямлю ад д’ябла і іншаземных інтэрвентаў, змагаўся з Гітлерам і Дракулам. Задумаўся монстр і пра сямейнае жыццё. У адным з фільмаў фігуруюць яго дзеці.

Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Кадр з фільма "Франкенштэйн", 1931 год.

Вялікая колькасць фільмаў пра Франкенштэйна з часам стварыла новы жанр — пародыі на твор Мэры Шэлі. Найбольш лаўраў на гэтай ніве, безумоўна, атрымаў рэжысёр Пітэр Брук, які ў 1974-м зняў стужку «Малады Франкенштэйн» — адну з найлепшых камедый у гісторыі. Пародыі — гэта толькі частка эксплуатацыі вобраза. Акрамя таго пачвару можна сустрэць у шматлікіх коміксах, кампутарных гульнях, мультфільмах, музычных творах і гэтак далей.

Праз 200 гадоў пасля з’яўлення Франкенштэйна падавалася, што яго тэма цалкам вычарпаная. Аднак не спяшайцеся. Сёння персанажы Мэры Шэлі зноў надзвычай актуальныя. Гэтаму спрыяе цяперашні навукова-тэхнічны прагрэс, калі робаты паступова замяняюць чалавека ў шматлікіх сферах.

Кажр з экранізацыі рамана Мэры Шэлі «Франкенштэйн», 1994 г.

Кажр з экранізацыі рамана Мэры Шэлі «Франкенштэйн», 1994 г.

Адсюль і незвычайны феномен — шмат імпрэзаў наконт 200-й гадавіны публікацыі кнігі адбываюцца не ў літаратурных залах, а ў тэхнічных ВНУ. Падчас канферэнцый гучыць правакацыйны тэзіс: менавіта кніга Мэры Шэлі справакавала і дасюль правакуе вучоных на стварэнне штучнага розуму, які, насуперак волі творцы, здольны выйсці з пад кантролю чалавека. У дадатак агучваюцца самыя жудасныя сцэнары на будучыню. Напрыклад, на адным семінары ў ЗША спікер папярэдзіў, што машыны ўжо зараз могуць падпарадкаваць сабе інтэрнэт і маніпуляваць людзьмі. «На дадзены момант ён (інтэрнэт) запраграмаваны людзьмі, але існуе верагоднасць таго, што штучны інтэлект будзе настолькі дасканалым, што ён можа запусціць праект, які мы — людзі — больш не зможам зразумець», — панікаваў дакладчык.

Ёсць іншы падыход. Кажуць, што Франкенштэйн і пагроза штучнага інтэлекту для чалавецтва — несумяшчальныя рэчы. Наадварот, пісьменніца яшчэ 200 гадоў таму пабачыла рызыку навуковых эксперыментаў і ўзняла пытанне пра этыку і адказнасць вучонага за сваю працу. Праўда, чалавецтва зразумела тую думку толькі зараз.