velcom паказаў гледачам Нарнію
Магчымасць працягнуць святочны калядна-навагодні настрой і амаль на тры гадзіны зноў паверыць у цуд атрымалі ўсе маленькія і вялікія ўдзельнікі спецыяльнага папярэдняга паказу кінастужкі «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» на беларускай мове.

Падзея адбылася ў рамках праекта
«Беларускія ўікенды». Домам старога прафесара Кёрка і месцам, адкуль
адкрываецца праход у чароўную краіну Нарнію, на адзін вечар стаў Лошыцкі
маёнтак, а яго гасцямі — добрыя сябры праекта з ліку журналістаў, блогераў і
вядомых медыйных персон са сваімі дзецьмі.

«Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» стаў восьмым фільмам, які выйшаў на вялікія экраны Мінска ў прафесійнай беларускай агучцы пры падтрымцы кампаніі velcom. Дагэтуль у пракаце былі: «Таямніца Келза», «Кніга Ілая», «Пакуль ногі носяць», «Маленькі прынц», «Шторм», «Форэст Гамп» і «Жонка наглядчыка заапарка».

Менш чым за год з невялікіх аматарскіх кінапаказаў у адным кінатэатры «Беларускія ўікенды» ператварыліся ў паўнамаштабны рэспубліканскі праект: з сакавіка па снежань адбылося больш за 200 сеансаў у 27 гарадах Беларусі, якія сабралі каля 20 тыс. гледачоў.
Аншлагі на сеансах, шматлікія водгукі ў сацыяльных сетках і публікацыі ў СМІ — усё гэта сведчыць пра запатрабаванасць фільмаў на беларускай мове.

«Партнёрства з “Беларускімі ўікендамі” для нас — гэта не толькі сацыяльная адказнасць, але унікальны досвед працы з кантэнтам. У новым годзе мы плануем працягваць паказы сусветна вядомага кіно, а таксама паспрабаваць выйсці да гледача з кінанавінкамі і папулярнымі серыяламі ў беларускай агучцы. На сервісе voka будзе створаны асобны раздзел, дзе можна будзе паглядзець фільмы і серыялы, агучаныя ў межах праекта», — адзначыла прадстаўнік кампаніі velcom Ірына Карэліна.

Паралельна з пракатам беларускай версіі стужкі адбылося выданне кнігі «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» на беларускай мове. Дзякуючы падтрымцы velcom кніга ўпершыню пабачыла свет у беларускім перакладзе. Дзве тысячы экземпляраў будуць распаўсюджвацца па ўсей Беларусі ў кнігарнях і праз інтэрнэт-крамы. Частка накладу будзе перададзена ў дзіцячыя бібліятэкі.

Для ўсіх аматараў добрага кіно на роднай мове паказы фільма «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» пройдуць з 5 па 7 студзеня ў кінатэатры «Масква». Яшчэ адна магчымасць трапіць у Нарнію разам з героямі стужкі з’явіцца ў гледачоў напярэдадні Старога Новага года: з 12 па 14 студзеня паказы пройдуць у кінатэатры velcom cinema by Silverscreen.
