Канал АНТ прыпісаў аўтарства знакамітай песні Някляева іншаму чалавеку
3 ліпеня на канале АНТ быў паказаны гала-канцэрт «Нашы песні — наша жыццё», прысвечаны Дню незалежнасці. На ім прагучала песня «Родны мой горад» на словы паэта Уладзіміра Някляева.

Фота: facebook.com/vadzimij
Аднак у тэлеверсіі аўтарам песні «Родны мой горад» быў названы іншы чалавек. На сітуацыю звярнуў увагу карыстальнік фэйсбука Вадзім Мінчук, паведамляе tut.by.
«Родны мой горад» быў доўгі час нефармальным гімнам Мінска. Песню з пачатку 1990-х выконваюць усе рэікарнацыі «Верасоў» ды і ніякія ўрачыстасці ў вялікіх і малых гарадах без гэтага нумара не абыходзяцца, нагадвае www.kp.by.

Фота: facebook.com/vadzimij
Словы да песні «Родны мой горад» напісаў Уладзімір Някляеў, музыку — кампазітар Васіль Раінчык. Але падчас тэлетрансляцыі адзіным аўтарам хіта пазначаны Васіль Раінчык.
Як відаць на скрыншоце, у тытрах паказана, што аўтарам музыкі і слоў нібыта з'яўляецца кампазітар.
Уладзімір Някляеў многія гады працаваў як паэт-песеннік, супрацоўнічаў з ансамблем «Верасы», спевакамі Яраславам Еўдакімава, Ірынай Дарафеевай, Зміцерам Вайцюшкевічам.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў тытрах тэлетрансляцый вялікіх канцэртаў і фестываляў не пазначаюць прозвішча Някляева. Мяркуючы па ўсім, гэта вынік яго грамадскай і палітычнай дзейнасці, адзначае www.kp.by. Праўда, раней былі выпадкі, калі пісалі толькі аўтара музыкі, і не паказвалі аўтара слоў, або цалкам вылятаў радок прозвішчамі паэта — і за кампанію з ім жа кампазітара. Тады гэта выглядала тэхнічнай памылкай. Падчас апошняй жа трансляцыі АНТ аўтарства песні проста прыпісалі іншаму чалавеку.
Цяпер Уладзімір Някляеў жыве ў Швецыі па стыпендыі для пісьменнікаў, якія падвяргаюцца цэнзуры на радзіме. Працуе над раманам пра Янку Купалу.