«Маленькага прынца» па-беларуску будуць прадаваць у Маскве
Выдавецтва «Папуры» надрукавала кнігу ў перакладзе Ніны Мацяш накладам у 2500 асобнікаў. Але на прэзентацыі ў Берасці яе набыць было немагчыма. Прычына — візіт на кніжную выставу-кірмаш у сталіцу Расійскай Федэрацыі.
Пра гэта госці кніжнай прэм’еры даведаліся 4 снежня ў зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Брэста ад сяброўкі Ніны Мацяш Марыі Новік, дацэнта і мовазнаўцы, якая рыхтавала кнігу да друку.
Вучні школы №15 з франкамоўным ухілам на мове Антуана дэ Сэнт-Экзюперы паказалі прысутным сцэнку з кнігі. Навучэнцы музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы выканалі адажыо Яўгена Глебава да балета паводле кнігі, музыку кампазітара Уладзіміра Солтана да спектакля па матывах «Маленькага прынца». Марыя Новік распавяла пра лёс аўтара шэдэўра сусветнай літаратуры, працу Ніны Мацяш над перакладам і над лібрэта да музычнага спектакля паводле кнігі, пра гісторыю стварэння тэатральна-музычных версій «Маленькага прынца» і іх пастановак на беларускіх падмостках. Загадчыца Белаазёрскай бібліятэкі імя Ніны Мацяш Тамара Кузняцова згадала музычныя аранжыроўкі частак лібрэта, створаныя настаўнікам з Іванава Валянцінам Перапёлкіным, і пастаноўку лібрэта «Маленькага прынца» іванаўскімі шкалярамі ў 2003 годзе, з якой «перакладчыца была надта шчасная». Запіс музычнага спектакля захоўваецца ў бібліятэцы.
«Гэта трэцяе выданне перакладу Ніны Мацяш, — сказала для «Новага Часу» спадарыня Новік. — Кніга гэтая адна з самых папулярных у свеце — «Маленькі прынц» прызнаны лепшай кнігай ХХ стагоддзя ў Францыі і перакладзены на больш чым 300 моў і дыялектаў. Калі рыхтавала гэтае выданне, улічвала ўсе варыянты перакладу, якія Ніна пазначыла ў рукапісе».
Упершыню «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш быў надрукаваны ў 1989 годзе, у незалежнай Беларусі кнігу выдаў накладам у 250 асобнікаў Зміцер Колас.
Наконт прадажаў — аказваецца, у Беларусі купіць новую кнігу можна. Глянуў на сайт «OZ.by» — пазначана, што кніга неўзабаве скончыцца! Значыць, чарговае траплянне «ў яблычак» выдавецтва «Папуры», вядомага сваёй паспяховай серыяй «Мая беларуская кніга».
Калі справа пойдзе так шпарка, то застанецца камусьці з выдаўцоў, хто не баіцца зрабіць няважна якую коштам, але якасную кнігу, аформіць нешта накшталт таго, што адчыбучылі французы. Не проста аўтарскія — аб’ёмныя малюнкі! Раскрываеш кнігу — а табе насустрач трохмерныя Прынц і Ружа, космас з мноствам рухомых зор і мала не вада з палівачкі пырскае. Так што інтрыга захоўваецца.
Выхад кнігі гэта таксама годнае ўшанаванне памяці Ніны Мацяш, якая 19 снежня пайшла ад нас 11 гадоў таму.
Фота аўтара