Міхал Анемпадыстаў: Каб людзі адчулі кайф ад вычытвання невярбальнай інфармацыі

Як колер звязаны з культурнай традыцыяй і ці ўсялякае народнае мастацтва — традыцыйнае?

maxresdefault_15.jpg


28 лютага, а 19.00 у галерэі Беларускага саюза дызайнераў (Мінск, вул. Брылеўская, 14, уваход са двара) адкрываецца выстава беларускага дызайнера, паэта, культурнага дзеяча Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”.

Напярэдадні падзеі Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” паразмаўляла з аўтарам пра феномен колеру ў культуры і пра тое, што адбываецца з беларускай культурнай традыцыяй.

— Спадар Міхал, што чакае гледачоў на вашай выставе?

— На ёй будзе візуальны матэрыял, які я збіраў досыць даўно.

Колер — з’ява шматгранная, можна казаць пра візуальнае ўспрыняцце, а ёсць і невярбальнае. У візуальнай мове колеры дзейнічаюць як інфармацыйная сістэма. Для гэтага і робіцца выстава, і кніга менавіта ў выглядзе альбому, а не даследавання, каб паказаць колер у выглядзе візуальнай нагрузкі. На выставе будзе колер сам па сабе. Нават на падабраных ілюстрацыях колер прадстаўлены ў штодзённых рэчах, нават не з’яўляецца мастацкай каштоўнасцю. Такім чынам, на нас не накладаўся “аўтарытэт” помніка. Хацелася б, каб людзі паглядзелі на колер сам па сабе.

— А як жа прывязка колеру да культурнай традыцыі?

 — Дзеля гэтага ёсць мова, тэкст, які трэба напісаць і камусьці прачытаць. Хацелася б, каб людзі адчулі кайф ад вычытвання невярбальнай інфармацыі, якая дзейнічае больш хутка і шматзначна на розных узроўнях, чым вярбальная. У кожнай фразы ёсць сэнс, які залежыць і ад невярбальных сродкаў, той жа інтанацыі. У невярбальных сродках сэнсаў значна больш, і кожны чалавек вычытвае свой мікратэкст у адпаведнасці са сваім досведам. Для гэтага людзі і ходзяць на мастацкія выставы. Не ўсё можна выказаць словамі, штосьці выказваецца карцінкай, музыкай.

kolerbelarusi_afisha_1.jpg

— Чаму вы спрабавалі даследаваць колер менавіта ў бэкграўндзе традыцыйнай культуры, назапашаным за ўсе папярэднія стагоддзі?

 — У традыцыйным грамадстве ўсё мянялася вельмі павольна. Цяпер гэта адбываецца вельмі хутка, існуе шмат традыцый, стылі фармуюцца і прапануюцца нам ужо гатовымі пры дапамозе рэкламы. Але стыль, які нам прапануе традыцыя, заўсёды лагічны. Я спрабаваў гэта даследаваць: чаму быў адзін перыяд, і ў ім панавалі пэўныя стылі.

Паколькі традыцыйная культура скончылася разам з традыцыйным грамадствам пасля Першай сусветнай вайны, казаць пра новыя стылі не выпадае. З’явіўся ўплыў на стыль масавай культуры, стыляў больш моцных суседзяў, моды. А традыцыя сама па сабе не існуе, яе трэба захоўваць і прыкладаць для гэтага намаганні. У адваротным выпадку застаецца некалькі варыянтаў развіцця мастацтва. Першы — традыцыя забівае творчасць. Сапраўды, бо ў традыцыі чалавек робіць тое, што рабілі да яго, ён не можа выйсці з гэтага кола. Адсутнасць традыцыйнага грамадства і мыслення абуджае творчасць.  Але разам з тым гэта прадукуе масу кітча. Вельмі часта гэта выглядае як стылістычная дэградацыя.

Другі варыянт — паколькі традыцыі няма, і яна не трымае нас у рамках канона, мы становімся больш уразлівымі на вонкавыя ўплывы, нас і нашу ідэнтычнасць значна прасцей змяніць. Разумееце, для таго ж беларускага традыцыйнага арнаменту характэрная тэхналогія “ікс-ромб” — бо ткацкі станок не мог рабіць іншыя ўзоры. Гэта змяніла з’яўленне тэхналогіі вышыўкі, якой не было ў беларускай традыцыі. Калі людзі пачалі вышываць, колькасць арнаменту павялічылася, змяніўся іх графічны змест, бо вышыць можна што заўгодна. Гэта прыклад творчасці, якая парушыла канон. І гэта кожнага разу патрабуе індывідуальнага падыходу. Увесь свет з гэтым сутыкнуўся, і з ХІХ стагоддзя людзі пачалі задумвацца, як захаваць традыцыю, каб яна не была мёртвай.

— Ці ўсё ў парадку ў нас з захаваннем традыцыі?

— У нас з гэтым усё не ў парадку. Беларуская этнаграфічная традыцыя паходзіць з Вільні, дзе былі вельмі моцныя этнографы. З віленскай школы выйшла не толькі беларуская, але і польская этнаграфічная традыцыя. Але на Беларусі яна развівалася натуральным чынам да 1920-х гадоў, да закрыцця Інбелкульта. У 1930-я гады адбываліся рэпрэсіі, пасля вайна. Толькі напрыканцы 1950-х узнікла новая “савецкая” этнаграфія. З аднаго боку, яна вітала даследаванне фальклору, але вытокі яе — ужо расійскія. Савецкая школа — ідэалагізаваная. Паводле яе, усё, што робіцца сялянствам, — народнае мастацтва. Гэта спрэчная думка, бо яно, можа быць, і народнае, але ці яно традыцыйнае? Стрыманасць народнага мастацтва пасля вайны стала расквечвацца фарбамі. Усё гэта мае права на існаванне, але больш правільна яго называць наіўным мастацтвам. Традыцыйным я б называў тое, што не выклікае сумневу.

eurobelarus.info