На дне патопу: паэтыка армянскай драмы
Сонечная Арменія. Як толькі сонца вызірае з-за гор, разумееш: гэта не проста штамп, што свайго часу прыклеіўся да гэтай краіны дзякуючы савецкай рыторыцы, а канстатацыя факту. І чым больш глядзіш уверх, на чорна-зялёныя горныя хрыбты, яркае неба — тым больш разумееш: будзь ты Ноем, ты б таксама прышвартаваў свой каўчэг недзе тут. Але калі твой позірк слізгае па далёкім-далёкім схіле турэцкага з 1924 года Арарата ніжэй — следам за Ноем, што спускаўся тут на раўніну, каб пабачыць Вясёлку і пачаць Новае Жыццё, — табе падаецца, што ты дасягнуў самага дна патопу.
Сонечная Арменія. Як толькі сонца вызірае з-за гор, разумееш: гэта не проста штамп, што свайго часу прыклеіўся да гэтай краіны дзякуючы савецкай рыторыцы, а канстатацыя факту. І чым больш
глядзіш уверх, на чорна-зялёныя горныя хрыбты, яркае неба — тым больш разумееш: будзь ты Ноем, ты б таксама прышвартаваў свой каўчэг недзе тут. Але калі твой позірк слізгае па
далёкім-далёкім схіле турэцкага з 1924 года Арарата ніжэй — следам за Ноем, што спускаўся тут на раўніну, каб пабачыць Вясёлку і пачаць Новае Жыццё, — табе падаецца, што ты дасягнуў
самага дна патопу. Маленькі рудымент якога — велічнае возера Севан у вэлюме з шэрых аблокаў.
Дзевяностыя forever
Мая Арменія вельмі і вельмі адрозніваецца ад Арменіі маіх бацькоў. Найперш таму, што для іх гэта шчасная, сонечная краіна з савецкага міфу з прыгожымі цёмнавокімі дзяўчатамі і хлопцамі ў густоўных
нацыянальных строях, краіна лавашу ды інжыру. Маці была ў Арменіі ў маладосці і вывезла адтуль самыя цёплыя ўспаміны. Я ж да гэтай восені ў Арменіі ніколі не была, але так выйшла, што ў пэўныя часы
армянскую мову чула ці не часцей за беларускую.
У вёсцы маёй бабулі ў пустым будынку саўгаснай адміністрацыі пасялілася сям’я ўцекачоў з Нагорнага Карабаху. Раз на тыдзень у бабульчыну хату прыходзіла захутаная ў чорнае жанчына, чакала
тэлефанавання ад сваякоў і падоўгу эмацыйна размаўляла з кімсьці, горка пры гэтым плачучы. Гэта сям’я — іх пяцёра дзяцей, што гуляліся самі з сабой, бо не разумелі па-наску, іх
маўклівы працавіты бацька, іх маці, што плакала ў слухаўку, — сталі для мяне гэткім жа сімвалам пачатку дзевяностых, як “снікерсы ці талоны на харчаванне. Да таго ж для
любога познеперабудовачнага дзіцяці Арменія асацыявалася найперш з Спітацкім землятрусам 1988 года — у адрозненне ад бліжэйшай нам аварыі на ЧАЭС, гэту трагедыю не замоўчвалі ў тэлевізары, а
маштабы яе сапраўды шакавалі.
І вось цяпер, калі я трапіла сюды, усе тры вобразы Арменіі — біблейны, савецкі ды сучасны — перамяшаліся для мяне ў адзін стракаты візэрунак. Перада мной была старажытная прыгожая
краіна лавашу, інжыра і такой постсавецкай разрухі, нібыта патоп з землятрусам адбыліся тут літаральна ўчора. Краіна кантрастаў — слаба сказана. Савецкія мікрараёны выглядаюць так, нібы дамы
ўручную сабраныя іх жыхарамі са спадручных матэрыялаў, ніякай сістэмы ў забудове. І паміж гэтага бязладдзя сярод скалаў то тут то там высяцца шыкоўныя гатэлі ды рэстарацыі. А часам пасярод раўніны
можна пабачыць раскошны, зіхтокі ўсходні палац з казак Шахеразады. Вам тут жа называюць імя ўладальніка гэтага палацу і пералічваюць усё, чым ён валодае ў Арменіі і па-за ёй.
Разам з тым, апроч як па працы (калі ў вас просяць міласціну, што, зрэшты, здараецца амаль штосекунды), армяне ніколі не скардзяцца і не плачуць. Назіраючы за людзьмі, з якімі сутыкаешся, ты амаль
бачыш гэты працэс: армяне круцяцца.
Як круцяцца армяне
Армяне эмігруюць. Гэта нацыя са шматвекавой традыцыяй пакідання радзімы. Самая магутная хваля рассейвання армян па ўсім свеце была звязана з генацыдам армянскага народа ў 1877–1823 гадах у
асманскай Турцыі. Толькі з 1915 па 1918 год туркі знішчылі паўтара мільёны армян. Гісторыкі называюць гэтыя зверствы “першым генацыдам ХХ стагоддзя, “рэпетыцыяй
Халакосту. Менавіта таму большасць грамадзян Арменіі рашуча пратэставала супраць нядаўняга аднаўлення дыпламатычных стасункаў з Турцыяй. У апошнюю чвэрць стагоддзя насельніцтва краіны
паменшала на тую ж лічбу.
Больш за паўтара мільёны армянаў выехала з краіны з 1975 года да нашых дзён. Падпольнае садзейніцтва эміграцыі — самы прыбытковы ценявы бізнес у Арменіі. Цяпер у краіне жыве 3 мільёны
армянаў, у дыяспары — 9 мільёнаў. Ерэванскі аэрапорт Звартнац гудзе круглыя суткі. Гастарбайтэры, якія ляцяць на радзіму з Расіі ў перапоўненых самалётах “Аэрафлоту, з
замілаваннем аглядаюць абрысы Звартнацу, амаль ідэнтычныя, дарэчы, абрысам аэрапорту “Мінск–2. 75 працэнтаў бюджэту краіны складаюць грошы, дасланыя дыяспарай.
Армяне сябруюць з Расіяй. Армянскай дзяржаве не выпадае чакаць не тое што падтрымкі — простай прыязнасці ад Грузіі, што сябруе з ЗША, ці хаўрусніка Турцыі Азербайджана, з якім цягам ХХ
стагоддзя, няхай і з перапынкам на Савецкі Саюз, армяне ваявалі за Нагорны Карабах. Расія традыцыйна падтрымлівала хрысціянскую Арменію ў яе спробах выжываць поруч з мусульманскімі суседзямі. Калі вы
назіраеце адукаванага армяніна поруч з расіянінам, у гэты момант армянін хутчэй за ўсё прызнаецца расіяніну ў бязмежнай любові да вялікай рускай культуры. Пушкін, Талстой, Дастаеўскі, рускі
балет… Зусім як нейкі русафіл-француз ці англічанін.
Істотная розніца паміж беларускім і армянскім інтэлектуаламі ў тым, што беларус выхаваны на расійскай культуры, якая амаль цалкам замяніла яму сваю, і пры гэтым пэўным чынам ад яе дыстанцуецца,
спрабуе крытычна ставіцца да велікарускай спадчыны. Армянін — гадаванец магутнай культуры, якая — ён гэта цвёрда ведае — налічвае тысячу семсот год, з моманту прыняцця ў
Арменіі хрысціянства ў 301 годзе. Армянскі алфавіт, ведае армянін, адзін з трох самых дасканалых у свеце. Армянская культура — старажытная і развітая, яе скарбніца — Матэнадаран,
Інстытут старажытных рукапісаў, яе жамчужыны — старажытныя храмы і манастыры, яе спадчына — гэта і драматургія ды проза Уільяма Сараяна, які нарадзіўся ў ЗША, карціны мастака
Аванэса (!) Айвазоўскага, якія займаюць ажно дзве залы ў Нацыянальнай карціннай галерэі ў Ерэване, песні Шарля Азнавур(ан)а, які нарадзіўся ў Францыі, музыкаў амерыканскага гурта “System of
Down… Армянін цвёрда праводзіць мяжу паміж сваім і рускім.
Разам з тым нават у Расіі я не бачыла на вуліцах такой колькасці людзей у спартовых касцюмах і футболках з надпісам “Russia. Рускія трыкалоры тут часта чапляюць на дамы і машыны
поруч з армянскім трыкалорамі. Усё лагічна. Расія дае Арменіі хлеб.
Армяне запрашаюць гасцей. Калісьці каманда КВЗ “Новыя армяне жартавала: “Мы, армяне, вельмі гасцінны народ. Калі да нас прыходзяць госці, мы ўжо ў вітальні прапаноўваем ім
тапачкі. У харошыя дні ўдаецца прадаць да 20 пар за вечар. Дык вось, гэты жарт спісаны з натуры! Жывучы ў гатэлі ў Ерэване госцю з Захаду даводзіцца плаціць за любы неасцярожны рух, які
чамусьці абавязкова прыводзіць да пашкоджання маёмасці гатэля, за лішнюю ежу, прынесеную на стол, за тэлефонныя званкі з яго нумару ў час, калі яго ў гэтым нумары быць не магло…
Майстэрства, з якім армяне вымагаюць з вас грошы за рэчы, бясплатныя ў любой іншай краіне, захапляе. І, самае цікавае, большасць турыстаў гэтыя грошы спакойна плаціць, не сярдуючы на па-ўсходняму
мудрагелістыя хітрыкі. Як прыхаваную гуманітарную дапамогу армянскаму народу. 80 працэнтаў насельніцтва Арменіі жыве менш чым на 2 долары ў суткі. Намяняныя ў аэрапорце драмы таюць са страшнай
хуткасцю. Але замежнікі не маркоцяцца — і набываюць яшчэ драмы па сумнеўным курсе, весела прыгаворваючы: “Няхай гэта будзе самай вялікай драмай у маім жыцці! Драм
— нацыянальная валюта Арменіі, якую самі армяне па-руску чамусьці вымаўляюць у жаночым родзе — “драма. Назва паходзіць ад грэцкага слова
“драхма.
І, нарэшце, армяне робяць выдатны каньяк. Над Ерэванам дамінуюць два будынкі — кафедральны сабор Геогрія-асветніка і каньячны завод “Арарат. І, мяркуючы па тым, як мужчыны
дзесяці нацый, што прыехалі са мной на канферэнцыю, не згаворваючыся, у першы ж дзень шчыльнымі радамі ламануліся ў фірмовую крамку пры другім будынку, менавіта яго яны палічылі за асноўны духоўны
цэнтр Арменіі.
Вынаходнікі саўка
За тыдзень у Арменіі я ўбачыла значна больш перагукаў з беларускай рэчаіснасцю, чым мне таго хацелася б. Так, у Беларусі — чыста, у Арменіі — брудна. Беларускія мільянеры шыфруюцца,
армянскія выстаўляюць багацце напаказ. Беларусь сціснулася ў суверэнны камячок, сварачыся то з Расіяй, то з Захадам, Арменія — найперш праз сацыяльна актыўную дыяспару — адкрытая як
Расіі, так і астатняму свету (па-за сумным выключэннем Турцыі ды Азербайджану).
Але вось Свята перакладчыка ў Ашакане, дзе пахаваны армянскі першаасветнік пятага стагоддзя, перакладчык Бібліі Месроп Маштоц. Прамову трымае святар армянскай апостальскай царквы. Пасля прамовы залу
напаўняюць воплескі такога тэмбру і інтэнсіўнасці, што мяне аж перасмыкае. Недзе я ўжо гэта чула... І раптам я з жахам разумею: гэтае “недзе — хронікі сталінскіх часоў.
Ерэван, у якім амаль не засталося старажытных будынкаў, квітнее тым, што мы ў Беларусі называем “сталінскім ампірам.
Калі я ўпершыню трапіла на Цьвярскі бульвар у Маскве (мне было 18 гадоў), я ледзь не заплакала: зразумела, што Мінск — копія Масквы, толькі цацачная. Калі я трапіла па плошчу Рэспублікі ў
Ерэване, мне захацелася смяяцца. У адрозненне ад Мінску, дзе сталінскі ампір падмяў пад сябе віленскае барока ды рускі мадэрн, Ерэван “па-сталінску выглядае абсалютна арганічна.
Гэта манументальнае паўтарэнне традыцыйнай армянскай архітэктуры… І гэта не ў Арменіі не выветрыўся савок. Гэта Сталін і іншыя каўказцы пры ўладзе ў свой час закруцілі ўвесь СССР па сваёй
мадэлі. І Мінск заточаны пад густы таталітарнага кіраўніцтва, якое ў 1930-я гады прыйшло з усходу.
Тычыцца гэта не толькі горадабудаўніцтва, але культуры ўвогуле. Такая структура, як Саюз пісьменнікаў, з яго строгай іерархіяй ды абавязковай вернасцю правячай ідэалогіі — чыста азіяцкая
прыдумка. Сузіраючы гіганцкія манументы дзеячаў армянскай культуры, да болю падобныя на помнікі Купалу ды Коласу ў Мінску, на прасторныя плошчы Ерэвана, засаджаныя геаметрычна правільнымі клумбамі, я
вельмі зайздросціла ісцінна заходнім гасцям Арменіі. Для іх такое — сапраўды экзотыка. Для мяне гэта — крыху зашмальцаваная аўтэнтычная мадэль, паводле якой дагэтуль дбайна і
няспынна выбудоўваецца знешні выгляд маёй краіны, хоць Іосіф Джугашвілі ўжо паўстагоддзя як чыста фізічна няздольны насаджваць сваю эстэтыку на адной шостай частцы сушы.
Гранаты той сістэмы
Сімвал Арменіі — гранат. На сувенірных латках прадаюць магніцікі на лядоўню ў форме гэтага фрукта. Кошты еўрапейскія — 3–5 еўра (1,5–2,5 тысячы драмаў). Дома ты
вешаеш магніцік на лядоўню і выяўляецца, што фрукт быў сапраўдны, толькі высушаны — магніцік ляскаецца на падлогу, і гранат крышыцца на зернейкі. Але гэта ўжо не здзіўляе цябе і не псуе
настрою: смачнае гранатавае віно, цудам правезенае праз беларускую мытню, не апынулася гранатавым сокам.
Пры тым, што з-пад ног у цябе вылузвае раскрышаная савецкая тратуарная плітка, а праз пяць хвілін цябе зноў незаўважна кінуць на пару баксаў, у Арменіі ты не дэпрэсуеш. Мабыць таму, што тут сонечна.
І пры ўсёй разрусе і бедаце, што атачаюць цябе, ты адчуваеш у Арменіі магутны патэнцыял. Бо, поруч з “Расіяй, ты сустракаеш на вопратцы армянскіх хлопцаў і іншыя тапонімы,
напрыклад, “Дубай. Выглядае на тое, што гэты ўсходні аазіс бізнесу — новая мадэль для Арменіі. Краіна заўважна будуецца, і аднойчы расквітнее напоўніцу. Проста пасля
патопу павінна мінуць яшчэ крышачку часу.
---------------------------------------------------------------------------
На здымку: Ерэван рыхтуецца да Дня горада (фота Міхаіла Візеля)