Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў створаць у Беларусі
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў створаць у Беларусі. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 673 ад 10 жніўня 2015 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам нумар 66 ад 12 лютага 2004 года "Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый".
Прадугледжваецца, што цэнтр будзе створаны шляхам рэарганізацыі ў форме зліцця дзяржаўнай установы культуры "Творчыя майстэрні "Цэнтр сучасных мастацтваў" і дзяржустановы
"Музей сучаснага выяўленчага мастацтва".
Міністэрству культуры даручана ў двухмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі пастановы. Дакумент уступіць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.