«Неразлучніцы» — інтымны раман пра сяброўства-каханне Сымоны дэ Бавуар
«Неразлучніцы», невялікі аўтабіяграфічны раман Сымоны дэ Бавуар з'явіўся год таму на паліцах кнігарняў. Праз ковід выхад кнігі перанеслі з вясны на восень 2020 года. Напісаны ў 1954 годзе, манускрыпт быў схаваны ў архівах амаль 66 год, занадта крытычна ацэнены Ж.-П. Сартрам ды самой С. дэ Бавуар, ён тым не менш не быў вынішчаны пісьменніцай.
Вядома, што яна смела рвала і кідала ў сметніцу малавартныя тэксты. Яна чамусьці пашкадавала інтымны і моцны тэкст «Неразлучніцы» і падаравала сучаснікам цікавую чытанку і яшчэ адзін арыенцір, які дапамагае лепей зразумець сацыяльны, фемінісцкі рокаш парыжскай інтэлектуалкі супраць традыцыйных каштоўнасцяў і супраць сваёй класы — буржуазіі. Мажліва, апошні пасмяротны раман пісьменніцы хаваўся Сымонай дэ Бавуар, бо гэта вельмі інтымны тэкст пра сяброўства-каханне, пра найлепшую сяброўку Зазу і пра ейную раптоўную смерць.
Назва рамана, насамрэч, раскрывае не проста неразлучнасць сябровак пры жыцці (у тэксце маладая Сымона паўстае як Сыльві, а Заза хаваецца пад імем Андрэ), але неразлучную эмацыйную, сімвалічную повязь, якую захавала Сымона дэ Бавуар з сваёй сяброўкай да скону. Атэістка Сымона дэ Бавуар не давала веры ў містычныя сувязі, неразлучнасць для яе праяўлялася ў вернасці, адданасці агульным рацыянальным прынцыпам і каштоўнасцям, дэклараваным сяброўкамі пры жыцці. Смеласць, эмансіпацыя, атэізм Сымоны дэ Бавуар сфармаваліся да смерці сяброўкі, але якраз смерць Зазы і кансерватызм міжваеннай буржуазіі, які вузка вызначаў шлях жанчыны, канчаткова зрабілі з Сымоны дэ Бавуар будучую галоўную эмансіпатарку жанчынаў 20 стагоддзя.
Храналагічна ў творчасці пісьменніцы раман «Неразлучніцы» мусіць стаяць першым, хоць і з'явіўся ён апошнім і ўжо пасля яе смерці. Бо падзеі, апісаныя ў рамане, адбываліся ў 20-ыя гады 20 стагоддзя. Заза памерла ў 1929 годзе, калі Сымоне дэ Бавуар быў 21 год. У 1958 годзе пісьменніца прыгадае гісторыю сяброўства і смерці Зазы ў сваёй кнізе «Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны». Тэма сяброўства з Зазай прысутнічала ў чарнавіках раману «Мандарыны», але ў фінальную версію гісторыя не трапіла. Бачна, што пісьменніца ў чарговы раз пакутліва перажывала гэты ўспамін. Такім парадкам, неразлучнасць і тэма кахання ў сяброўстве будзе замоўчана да самай смерці Сымоны дэ Бавуар. Блізкія пісьменніцы — гэтак званая «вялікая сям’я» — ведалі пра Зазу і яе ўплыў на Сымону, але чытацтва поўна даведалася пра гэта толькі год таму, калі быў надрукаваны раман.
Тэма сяброўства-кахання не новая ў французскай і еўрапейскай літаратуры, аднак у жаночай версіі яна раскрывалася значна радзей. Падаецца, адным з моцных бакоў твору якраз і з'яўляецца неадназначнасць пачуццяў Сыльві Лепаж (у ёй мы спазнаем саму Сымону дэ Бавуар) да сваёй сяброўкі Андрэ Галяр (Заза). Сяброўкі гамоняць пра ўсё: кнігі, хлопцы, рэлігія, палітыка, але нейкая недамоўленасць, неадназначнасць захоўваецца вакол іх стасункаў. Тады як Андрэ спрабуюць выдаць замуж, у выніку чаго сяброўкі абмяркоўваюць хлопцаў, Сыльві пачуваецца кінутай і думае пераважна пра сяброўку. Сыльві-Сымона не хавае пачуццяў і не аднойчы прызнаецца сяброўцы ў каханні. Але каханне застаецца хутчэй аднабаковым, хоць Андрэ-Заза пяшчотна і эмацыйна адказвае на пачуцці сяброўкі.
У рамане як ніколі нам адкрываецца шчырая, сапраўдная, крохкая, ранімая, уразлівая і максімалісцкая Сымона дэ Бавуар. Асабліва кранае тое, як аўтарка рэгулярна прабіваецца праз створаную гераіню і не хаваючыся спяшаецца прызнацца ў пачуццях, каб не было позна. Раптоўная смерць Андрэ-Зазы ў 1929 годзе ад віруснага энцэфаліту агаломшыла пісьменніцу, якая праз сваю геройку скажа: «Жыць без яе — гэта зусім не жыць».
Да скону Сымона дэ Бавуар не пазбавілася пачуцця віны за смерць сяброўкі. Ва ўспамінах яна не аднойчы пісала, што дзякуючы Зазе яна канчаткова вызвалілася ад путаў буржуазнай маралі. Часта пісьменніца параўноўвала смерць Зазы з «водкупам», «ахвярай», якія забяспечылі яе ўласную свабоду. Як бы там ні было, але дадзены раман вярнуў з небыцця новую Сымону дэ Бавуар і памяць праяе неразлучную сяброўку Зазу. Памяць пра дзвюх неразлучніцаў.
Уладзіслаў Гарбацкі, Вільня