«Pastka» ад гурта Amaroka

Мінскі панк-гурт Amaroka прэзентаваў на партале на Ultra-Music.com свой новы паўнафарматны альбом «Pastka». Рэліз складаецца з 12 трэкаў: 9 на беларускай мове і 3 бонусы па-ангельску.



amaroka_cover.jpg

Вокладка альбома «Pastka»

— Мы распачалі падрыхтоўку альбому яшчэ ў пачатку верасня мінулага года, — распавядае лідар гурта Зміцер Афанасенка. — Потым па сямейных абставінах прыйшлося развітацца з нашым бубначом Ціханам Батурай. Але ў хуткім часе, дзякуй лёсу, да нас вярнуўся ранейшы бубнач Аляксандар Кунскі. За месяц штодзённых рэпетыцый вялікімі намаганнямі мы зрабілі праграму і запісалі яе.

У якасці эксперыменту Amaroka упершыню запісалі песні на ангельскай мове. Гэта пераклады трох беларускамоўных кампазіцый з альбому: «Hubliaju kachańnie» («Giving Up The Love»), «Pradajem» («We’re Selling») і «Štučny śviet» («Artificial World»).

Да працы з гукам музыкі паставіліся надзвычай адказна. Запіс трэкаў адбываўся ў студыі Mapletree, звядзенне зрабіў музыка і гукарэжысёр Андрэй Шлык, які ўжо працаваў з Amaroka падчас запісу міні-альбому «Puls». Майстэрынгам займаўся Ян Каламыцкі са студыі BigBrain Production у польскім Гданьску.

— Вынік вы можаце пачуць. Я думаю, гэта лепшае, што можна сёння атрымаць у плане гуку. Усім музыкам раю і буду раіць на будучыню! — упэўнены Зміцер Афанасенка.

26 траўня гурт упершыню выканаў новую праграму на вялікім канцэрце ў клубе Re:Public (http://novychas.info/kultura/muzyka/art_sjadziba_sabrala_sapraudn/), а ўжо 9 чэрвеня Amaroka прэзентуе альбом «Pastka» ў Віцебску на гала-канцэрце фестывалю No Logo Fest’13.

Паслухаць і спампаваць Amaroka «Pastka» http://ultra-music.com/news/13330